І станецца, што той, хто ўцячэ ад крыку жаху, уваліцца ў яму, а той, хто вылезе з ямы, трапіць у пастку, бо адчыніліся вокны нябесныя і затрэсьліся падваліны зямлі.
Вось, Я пасылаю шмат рыбаловаў, кажа ГОСПАД, і будуць лавіць іх, а пасьля пашлю шмат паляўнічых, і будуць паляваць на іх на ўсіх гарах, і на ўсіх узгорках, і ў-ва ўсіх шчылінах скалаў.
Ад голасу вершніка і страляньня з луку ўцякуць усе гарады. Кінуцца ў гушчары, ушчэпяцца на скалы, усе гарады будуць пакінутыя, ніводзін чалавек ня будзе жыць у іх.
Гэта скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Як жывы Я, тыя, што ў руінах, упадуць ад мяча, а тых, што на абліччы поля, Я аддам зьвярам, каб пажэрлі іх, а тыя, што ў цьвярдынях і ў пячорах, памруць ад заразы.
І будуць зьнішчаныя вышыні Авэну, грэх Ізраіля. Церні і асот вырастуць на ахвярніках іхніх, і будуць казаць да гораў: «Накрыйце нас!», і да пагоркаў: «Упадзіце на нас!»
Яны будуць лізаць пыл, як зьмеі, як паўзуны зямныя. Яны будуць напалоханыя ў норах сваіх; перад ГОСПАДАМ, Богам нашым, будуць дрыжаць, і будуць баяцца Цябе.
І ў тую гадзіну стаўся землятрус вялікі, і дзясятая частка гораду завалілася, і былі забітыя ў землятрусе сем тысячаў імёнаў чалавечых; і іншыя сталіся ў страху і аддалі славу Богу Нябеснаму.
І адчынілася бажніца Божая ў небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў бажніцы Ягонай; і сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і землятрус, і град вялікі.
І сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус стаўся вялікі, якога ня было ад [часоў], як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткі землятрус! Такі вялікі!