І ГОСПАД дасьць ведаць Сябе Эгіпту, і Эгіпет пазнае ГОСПАДА ў той дзень, і будуць служыць [Яму] ахвярамі крывавымі і ахвярамі хлебнымі, і будуць складаць абяцаньні ГОСПАДУ, і спаўняць іх.
Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што прасіць Цябе будзе чужынец, каб ведалі ўсе народы зямлі імя Тваё і баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, і каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў.
І станецца ў той дзень, што ГОСПАД зноў другі раз [выцягне] руку сваю, каб выкупіць рэшту народу Свайго, якая застанецца ў Асірыі і Эгіпце, у Патросе і Кушы, у Эляме і Шынэары, у Хамаце і на астравах марскіх.
І станецца ў той дзень, што затрубяць у рог вялікі, і прыйдуць тыя, якія гінулі ў зямлі Асірыйскай, і выгнаныя ў зямлю Эгіпецкую, і будуць пакланяцца ГОСПАДУ на сьвятой гары ў Ерусаліме.
Гэта кажа ГОСПАД: «Праца Эгіпту і прыбытак Кушу, і Савейцы, людзі высокія, пяройдуць да цябе і будуць тваімі; яны пойдуць за табой, пойдуць у кайданах, будуць пакланяцца табе і ўмольваць цябе: “Толькі ў цябе ёсьць Бог, і няма іншага”».
Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель Ізраіля, Сьвяты ягоны, да пагарджанай душы, да Таго, Якім брыдзяцца народы, да Слугі тых, што пануюць: «Валадары ўбачаць Цябе, і паўстануць князі і паклоняцца дзеля ГОСПАДА, бо Ён верны, і [дзеля] Сьвятога Ізраіля, Які выбраў Цябе».
Вось, ты паклічаш народ, якога ня ведаеш, і народы, якія цябе ня ведалі, прыбягуць да цябе дзеля ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе.
Я завяду на гару сьвятасьці Маёй і ўзрадую іх у доме малітвы Маім. Цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць даспадобы [Мне] на ахвярніку Маім, бо дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў.
Бо ад усходу сонца аж да заходу яго вялікае [будзе] імя Маё сярод народаў, і на кожным месцы будуць прыносіць кадзіла для імя Майго, і дар чысты, бо вялікае [будзе] імя Маё сярод народаў, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
А вы — выбраны род, валадарнае сьвятарства, народ сьвяты, людзі, атрыманыя як удзел, каб абвяшчаць цноты Таго, Які паклікаў вас з цемры ў дзівоснае сьвятло Сваё,
Сёньня аддасьць цябе ГОСПАД у рукі мае, і я перамагу цябе, і адсяку табе галаву тваю, і аддам трупы табару Філістынцаў сёньня птушкам паднебным і зьвярам зямным, і няхай ведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраіля.