Бо ідзе супраць яго народ з поўначы. Ён пераменіць зямлю іхнюю ў пустэчу, і ніхто ня будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, [усе] ўцякуць і адыйдуць [адтуль].
Бо вось, Я абуджу і прывяду на Бабілон грамаду народаў вялікіх з зямлі паўночнай; і яны пашыхтуюцца супраць яго і адтуль здабудуць яго. Стрэлы іхнія — як у спраўнага волата, не вяртаюцца дарэмна.
Вастрыце стрэлы, вазьміце шчыты! Узбудзіў ГОСПАД дух валадара Мадаю, бо супраць Бабілону намер Ягоны, каб зьнішчыць яго, бо гэта помста ГОСПАДА, помста за сьвятыню Ягоную.
Вось, голас ляманту дачкі народу Майго з зямлі далёкай: “Няўжо няма ГОСПАДА на Сыёне? Няўжо няма ў ім валадара Ягонага?” Навошта яны зьневажалі Мяне ідаламі сваімі, марнымі [багамі] чужымі?