ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх.
Бо здаўна ўжо прыгатаваны Тафэт, таксама прызначаны для валадара, глыбокі і шырокі, вогнішча агню, і дрэва шмат; і подых ГОСПАДА, як струмень серкі, распаліць яго.
Гора тым, якія зыходзяць у Эгіпет па дапамогу. Яны абапіраюцца на коней, спадзяюцца на калясьніцы, бо іх шмат, і на коньнікаў, бо яны вельмі моцныя, але не глядзяць на Сьвятога Ізраіля і ГОСПАДА не шукаюць.
Вось, яны сталіся, як салома, агонь спаліць іх, і ня выратуюць яны душы сваёй ад рукі агню; бо гэта ня жар, якім грэюцца, гэта ня вогнішча, каб сядзець пры ім.
І яны выйдуць, і ўбачаць трупы людзей, якія адступіліся ад Мяне, бо чарвяк іхні не памрэ, і агонь іхні ня згасьне; і будуць яны брыдотай для ўсякага цела.
Абрэжцеся дзеля ГОСПАДА і адкіньце скуравінкі сэрцаў вашых, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, бо выйдзе гнеў Мой, як агонь, і будзе гарэць, і не затухне з прычыны ліхіх учынкаў вашых”.
Таму гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, гнеў Мой і ярасьць Мая выліваецца на месца гэтае, на чалавека і на жывёлу, на дрэвы палявыя і на плады зямлі, ён гарыць і не затухае”.
Ані срэбра іхняе, ані золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень гневу ГОСПАДА, але агнём рэўнасьці Ягонай будзе зьедзена ўся зямля, бо загубу страшэнную Ён учыніць для жыхароў зямлі гэтай.
У той дзень Я зраблю князёў Юды як казан з агнём сярод дроваў і як паходню запаленую сярод снапоў, і яны пажаруць справа і зьлева ўсе народы навокал, і Ерусалім будзе зноў населены на месцы сваім, у Ерусаліме.