ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх.
Таму як салому зьядае язык вогненны, а сена зьнікае ў полымі, так корань іхні станецца гнільлём, і краса іхняя разьляціцца, як пыл, бо яны адкінулі Закон ГОСПАДА Магуцьцяў, і словамі Сьвятога Ізраіля пагардзілі.
Вось, вы ўсе, якія распальваеце агонь, узбройваецеся стрэламі вогненнымі, ідзіце ў полымя агню вашага, сярод стрэлаў вогненных, якія вы распалілі. Гэта рука Мая зрабіла вам, і вы будзеце качацца ў пакутах.
А тыя, якія асьвячаюць сябе і ачышчаюць у гаях, [ідучы] адзін за адным у сярэдзіну [іх], і ядуць мяса сьвіньні, і брыдоту, і мышэй, яны разам будуць зьнішчаны, кажа ГОСПАД.
І яны выйдуць, і ўбачаць трупы людзей, якія адступіліся ад Мяне, бо чарвяк іхні не памрэ, і агонь іхні ня згасьне; і будуць яны брыдотай для ўсякага цела.
“Доме Давіда, гэта кажа ГОСПАД. Судзіце справядліва ад раніцы і вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля! Бо іначай гнеў Мой разгарыцца як агонь, і будзе гарэць, і ніхто ня зможа патушыць яго з прычыны ліхіх учынкаў вашых.
Бо вось, надыходзіць дзень, які палае, як печ, і ўсе свавольныя, і ўсе тыя, якія робяць нягоднасьць, будуць як салома, і спаліць іх дзень, які надыходзіць, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, што не застанецца ад іх ані кораня, ані галінкі.
І быў схоплены зьвер, і з ім — фальшывы прарок, які рабіў знакі перад ім, якімі падманваў тых, што атрымалі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму. Абодва жыўцом былі кінутыя ў возера агню, якое палае серкаю.
І так прыйшоў ён у Леху, і Філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач. І Дух ГОСПАДА зыйшоў на яго, і вяроўкі, якімі былі зьвязаныя рукі ягоныя, зрабіліся як перагарэўшы лён, і путы распаўзьліся і пападалі з рук ягоных.