Тады ты будзеш мець посьпех, калі будзеш захоўваць і выконваць пастановы і прысуды, якія загадаў ГОСПАД праз Майсея для Ізраіля. Будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не палохайся.
І сказаў Давід Салямону, сыну свайму: «Будзь цьвёрды і мужны, і рабі. Ня бойся і не палохайся, бо ГОСПАД Бог, Бог мой, з табою. Ён не адыйдзе ад цябе і не пакіне цябе, пакуль ня скончыцца ўся праца для служэньня ў Доме ГОСПАДА.
І вось сёньня я ўзыходжу на дарогу ўсёй зямлі. А вы ведайце ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, што з усіх словаў добрых, якія прамаўляў да вас ГОСПАД, Бог ваш, ніводнае не было пустое, але ўсё споўнілася.