1 Кіраўніку хору. На актаву. Псальм Давідаў. 2 Выратуй мяне, Госпадзе, бо святы знямогся, бо мала стала верных сярод сыноў чалавечых. 3 Хлусліва прамаўляе кожны да блізкага свайго; падступнымі вуснамі з крывадушным сэрцам гавораць. 4 Вынішчыць Госпад усе вусны падступныя і язык напышлівы [тых], 5 якія кажуць: «Языком сваім сябе ўзвялічым, вусны нашыя — пры нас; хто гаспадар над намі?» 6 «Дзеля ўціскання гаротных ды ўздыхання ўбогіх паўстану цяпер, — кажа Госпад: — выратую таго, кім пагарджаюць». 7 Словы Госпада — словы чыстыя, срэбра, што выпрабавана агнём, ад зямлі ачышчанае, сямікратна ачышчанае. 8 Ты, Госпадзе, абароніш нас і ад гэтага роду навек захаваеш. 9 Бязбожнікі ходзяць навокал, калі нягоднікі ўзвышаюцца сярод сыноў чалавечых. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)