1 І сталася, калі Ярэмія скончыў абвяшчаць народу ўсе словы Госпада, Бога іх, дзеля якіх пасылаў яго Госпад, Бог іх, 2 сказалі Азарыя, сын Асаі, і Ёханан, сын Карэя, і ўсе людзі дзёрзкія Ярэміі так: «Няпраўду ты гаворыш! Не паслаў цябе Госпад, Бог наш, каб ты казаў: “Не ідзіце ў Егіпет, каб там качаваць!” 3 Але Барух, сын Нэрыі, падгаворвае цябе супраць нас, каб выдаць нас у рукі халдэяў, каб яны павялі ў Бабілон». 4 І Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войска ды ўвесь народ не паслухалі голасу Госпада, каб заставацца ў зямлі Юдэйскай. 5 І Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войска сабралі ўсе рэшткі Юды, якія вярнуліся з усіх народаў, да якіх раней былі выгнаныя, каб жыць у зямлі Юдэйскай, 6 мужчын, жанчын, дзяцей, дачок царскіх ды ўсіх людзей, якіх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, пакінуў разам з Гадаліяй, сынам Ахікама, сынам Сафана, і прарока Ярэмію, а таксама Баруха, сына Нэрыі. 7 І пайшлі яны ў зямлю Егіпецкую, бо не паслухаліся голасу Госпада, і дайшлі аж да Тапнэса. 8 І было слова Госпада да Ярэміі ў Тапнэсе такое: 9 «Вазьмі ў рукі свае вялікія камяні і ў прысутнасці людзей з Юды схавай іх ў гліне цагельнай пры ўваходзе, які ёсць ля брамы Фараона ў Тапнэсе. 10 І скажы ім: гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я пашлю і вазьму Набукаданосара, цара Бабілона, слугу Майго. І пастаўлю Я яго пасад на гэтых камянях, якія Я схаваў, і паставіць ён свой пасад над імі. 11 І прыйдзе, і ўдарыць зямлю Егіпецкую, і каго асудзіць на смерць, той пойдзе на смерць, каго на няволю, той пойдзе ў няволю, каго пад меч, той пойдзе пад меч. 12 І запаліць ён агонь у капішчах багоў егіпецкіх, і спаліць іх, а тых забярэ ў палон, і ачысціць зямлю Егіпецкую, як ачышчае пастух ад вашэй адзенне сваё і выходзіць адтуль у супакоі. 13 І паломіць ён таксама слупы Бэтсамэса, якія знаходзяцца ў зямлі Егіпецкай, ды капішчы багоў егіпецкіх спаліць агнём”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)