1 Пасля гэтага пакінуў ён Атэны ды прыбыў у Карынт. 2 Тут напаткаў ён нейкага юдэя, на імя Аквіла, родам з Понта, які прыбыў нядаўна з Італіі, і жонку яго Прысцылу, бо Клаўдзій загадаў выселіць з Рыма ўсіх юдэяў, і ён прыйшоў да іх. 3 А займаўся ён тым жа рамяством, таму застаўся ў іх і працаваў; а рамяством іх было майстраванне палатак. 4 І ў кожную суботу дыспутаваў у сінагозе ды пераконваў юдэяў ды грэкаў. 5 Калі ж прыйшлі Сіла і Цімафей з Мацэдоніі, Паўла пануканы быў Духам, каб сведчыць юдэям, што Ісус ёсць Хрыстос. 6 А калі пярэчылі яму і блюзнілі, атрасаў сваё адзенне ды казаў ім: «Кроў ваша на вашу галаву! Я чысты. Ад гэтай гадзіны пайду да паганаў». 7 І перайшоў адтуль, і ўвайшоў у дом аднаго богабаязнага чалавека, імем Юст, дом якога быў побач з сінагогай. 8 Начальнік жа сінагогі, Крысп, з усім сваім домам уверыў у Госпада, і многа карынцянаў, слухаючы, уверылі і прынялі хрост. 9 Уночы Госпад сказаў Паўлу ў з’яве: «Не бойся, але гавары і не маўчы, 10 бо Я з табою, і ніхто не ўчыніць табе зло, бо многа ў Мяне ў гэтым горадзе народа». 11 Дык ён застаўся, навучаючы іх слову Божаму год ды шэсць месяцаў. 12 А калі Галіён стаўся праконсулам Ахаі, юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўлы і прывялі яго на суд, 13 кажучы: «Ён падгаворвае людзей, каб славілі Бога не паводле закону». 14 Калі ўжо Паўла пачынаў адкрываць вусны, Галіён сказаў юдэям: «Калі б быў які праступак або злачынства, о юдэі, дык я заняўся б вамі. 15 Але калі вы спрачаецеся пра словы і імёны ды пра ваш закон, дык самі разбірайцеся. Бо я не хачу быць суддзёю ў гэтым». 16 І выгнаў іх з суда. 17 А ўсе грэкі, схапіўшы начальніка сінагогі Састэна, білі яго перад судом, але Галіён не звяртаў на гэта ўвагі. 18 А Паўла, яшчэ шмат дзён прабыўшы там, развітаўся з братамі ды разам з Прысцылай і Аквілам паплыў у Сірыю, а ў Кенхрах абстрыг галаву, бо такое зрабіў абяцанне. 19 І дабраліся да Эфеса, і там ён іх пакінуў, а сам, увайшоўшы ў сінагогу, дыспутаваў з юдэямі. 20 Калі ж прасілі яго, каб заставаўся ў іх даўжэй, не згадзіўся, 21 але, развітваючыся з імі, сказаў: «Мне патрэбна правесці свята, якое надыходзіць, у Ерузаліме. Вярнуся да вас, калі Бог захоча», і паплыў з Эфеса. 22 Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён з’явіўся у Ерузаліме, і прывітаў царкву, і накіраваўся ў Антыёхію. 23 Пабыўшы нейкі час там, зноў падаўся ў дарогу, праходзячы па чарзе праз Галатыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ў веры ўсіх вучняў. 24 Адзін жа юдэй, на імя Апалос, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і моцны ў Пісанні, прыбыў у Эфес. 25 Ён быў настаўлены на шлях Госпада і, палаючы Духам, гаварыў ды навучаў рупліва пра Ісуса, ведаючы толькі Янаў хрост. 26 Ён пачаў адважна прамаўляць у сінагогах. Калі пачулі яго Прысцыла і Аквіла, прынялі яго ды выяснілі яму шлях Божы. 27 А калі задумаў ён ісці ў Ахаю, то браты, узрушаныя, напісалі ліст да вучняў, каб прынялі яго. Калі ж ён прыбыў, дапамагаў многа тым, што ўверылі праз ласку, 28 бо рашуча і прылюдна абвяргаў юдэяў, даводзячы з Пісання, што Ісус ёсць Хрыстос. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)