Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


АДКРЫЦЦЁ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
АДКРЫЦЦЁ 5

1 І ўбачыў я ў правай руцэ Таго, Які сядзіць на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак.

2 І ўбачыў магутнага анёла, што абвяшчаў гучным голасам: «Хто дастойны разгарнуць кнігу і зняць яе пячаткі?»

3 І ніхто не мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу і глянуць на яе.

4 І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе.

5 І адзін са старэйшынаў сказаў мне: «Не плач, вось Леў з пакалення Юды, корань Давідаў перамог, каб разгарнуць кнігу і сем яе пячатак».

6 І ўбачыў я між пасадам і чатырма жывёлінамі сярод старэйшынаў Ягня стаіць, быццам забіты, маючы сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.

7 І пайшоў, і ўзяў з правай рукі Таго, Які сядзіць на пасадзе.

8 І калі ўзяў кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя фіміяму, якія ёсць малітвы святых,

9 і спяваюць новую песню, кажучы: «Дастойны Ты ўзяць кнігу і адкрыць пячаткі яе, бо Ты забіты быў і адкупіў нас Богу Крывёю Тваёй з усякага пакалення, і мовы, і народа, і племя,

10 і ўчыніў нас царамі і святарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі».

11 І ўбачыў, і пачуў вакол пасада голас безлічы анёлаў, жывёлін і старэйшынаў, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,

12 што казалі гучным голасам: «Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць магутнасць, і багацце, і мудрасць, і сілу, і ўшанаванне, і славу, і дабраславенне».

13 Тады пачуў я, як заспявала ўсё стварэнне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсць: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці хай будзе дабраславенне, і ўшанаванне, і слава, і ўлада на векі вечныя».

14 І чатыры жывёліны казалі: «Амін». І дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі і пакланіліся Таму, Хто жывы на векі вечныя.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)