1 Осія меў восем гадоў, калі пачаў цараваць, і трыццаць адзін год быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Ідыда, дачка Адаі з Баската. 2 І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, і хадзіў па ўсіх дарогах Давіда, бацькі свайго; не зварочваў ані ўправа, ані ўлева. 3 На васемнаццаты год цара Осіі паслаў цар пісара Сафана, сына Эсэліі, сына Мэсулы, у святыню Госпада, загадваючы яму: 4 «Ідзі да першасвятара Хэлькіі, каб ён палічыў срэбра, якое ахвяравана ў святыні Госпада, якое сабралі брамнікі ад народа, 5 і хай дадуць яго загадчыкам працы ў доме Госпада, і яны хай раздадуць яго тым, хто працуе ў святыні, падпраўляючы пашкоджанні святыні, 6 гэта значыць: цеслям, і тым, хто адбудоўвае парушанае, і мулярам, і каб купіць дрэва, і камяні з каменяломняў дзеля аднаўлення святыні. 7 Толькі не трэба ім лічыць срэбра, якое яны атрымліваюць, бо яны працуюць паводле сваёй волі і сумлення». 8 А першасвятар Хэлькія сказаў пісару Сафану: «Знайшоў я кнігу закону ў доме Госпада». І даў Хэлькія кнігу Сафану, і ён прачытаў яе. 9 І пайшоў пісар Сафан да цара, і паведаміў яму тое, што ён загадаў, кажучы: «Паслугачы твае ўзялі грошы, якія знайшліся ў доме, і перадалі іх загадчыкам работ у святыні Госпада». 10 І паведаміў пісар Сафан цару, кажучы: «Святар Хэлькія даў мне кнігу». Калі Сафан прачытаў яе перад царом 11 і калі цар пачуў словы кнігі закону, раздзёр шаты свае 12 і загадаў святару Хэлькіі, і Ахікаму, сыну Сафана, і Абдону, сыну Міхі, і Сафану, пісару, і Асаю, слузе цара, кажучы: 13 «Ідзіце і спытайце Госпада адносна мяне, і адносна народа, і адносна ўсёй Юдэі паводле слоў гэтай кнігі, якая была знойдзена; бо вялікі гнеў Госпада ўзгарэўся супраць нас, бо не паслухалі бацькі нашы слоў кнігі гэтай, каб споўніць усё, што нам напісана». 14 І пайшлі святар Хэлькія, і Ахікам, і Абдон, і Сафан, і Асая да Гульды, прарочыцы, жонкі Сэлума, сына Тэквы, сына Харааса, вартаўніка адзення, якая жыла ў Ерузаліме, у другой яго частцы, і гаварылі з ёй, 15 і яна адказала ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне. 16 Гэта кажа Госпад: “Вось, Я навяду ліха на гэтае месца і на яго жыхароў, паводле ўсіх слоў кнігі, якія прачытаў цар Юдэі, 17 бо яны пакінулі Мяне і складалі ахвяры чужым багам, прагняўляючы Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, і ўзгарыцца гнеў Мой на гэтым месцы і не патухне”. 18 А што да цара Юдэі, які паслаў вас, каб запытацца ў Госпада, скажыце так: “Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “За тое, што ты паслухаў словы кнігі, 19 і ўстрывожылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся перад Госпадам, пачуўшы прароцтвы супраць гэтага месца і жыхароў яго, што яны, напэўна, будуць у спусташэнні і ў праклёне, і раздзёр ты адзенне сваё, і плакаў перада Мною, — Я выслухаў цябе, — кажа Госпад. — 20 Таму Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і будзеш ты пахаваны ў супакоі ў магіле сваёй, каб вочы твае не бачылі ўсяго таго гора, якое Я навяду на гэтае месца”». І яны расказалі цару тое, што Ён сказаў. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)