1 Сталася таксама, што быў там нейкі чалавек Бэліяла на імя Сэба, сын Бохры, бэньямінец; і ён затрубіў у трубу і крыкнуў: «Не маем мы часткі з Давідам, ані спадчыны з сынам Ясэя! Ізраэльцы, у палаткі свае!» 2 Дык усе ізраэльцы аддзяліліся ад Давіда і пайшлі за Сэбам, сынам Бохры; а юдэі засталіся пры цару сваім, пачынаючы ад Ярдана аж да Ерузаліма. 3 І, калі вярнуўся цар у дом свой у Ерузаліме, узяў ён дзесяць жанчын наложніц, якіх пакідаў пільнаваць дом, і памясціў іх у дом пад вартай, даўшы ім харч. І больш да іх не прыходзіў, але былі яны замкнёныя аж да дня смерці сваёй, жывучы, быццам удовы. 4 А цар сказаў Амасе: «Збяры да мяне ўсіх мужчын Юды да трэцяга дня, і ты стань тут, прысутнічай». 5 Дык пайшоў Амаса, каб склікаць юдэяў, і не паспеў да вызначанага часу, які быў яму прызначаны. 6 А Давід сказаў Абісаю: «Сэба, сын Бохры, зробіць нам большае зло, чым Абсалом; дык збяры паслугачоў гаспадара свайго і дагані яго, каб не знайшоў ён умацаваных гарадоў і не ўцёк ад нас». 7 І пайшлі з ім людзі Ёаба, херэты, таксама фелеты і ўсе людзі наймужнейшыя; і выйшлі яны з Ерузаліма даганяць Сэбу, сына Бохры. 8 І, калі яны былі каля вялікага каменя, які ў Габаоне, з’явіўся перад імі Амаса. А Ёаб быў узброены, і на клубах яго на поясе быў схаваны меч, які лёгкім рухам трапляў у яго руку з ножан. 9 І сказаў Ёаб Амасе: «Як здароўе, братка мой?» І ўзяў Ёаб Амасу правай рукой за бараду, каб пацалаваць яго. 10 А Амаса не заўважыў меча ў руцэ Ёаба, які ўдарыў яго ў жывот і выпусціў нутро яго на зямлю, і не нанёс другую рану, і той памёр. А Ёаб і брат яго Абісай кінуліся ў пагоню за Сэбам, сынам Бохры. 11 Між тым, адзін з паслугачоў Ёаба затрымаўся каля цела Амасы і закрычаў: «Хто прыхільны да Ёаба і хто стаіць за Давіда, хай ідзе за Ёабам!» 12 А Амаса ляжаў, скрываўлены, сярод дарогі. Заўважыў той чалавек, што ўсе людзі затрымліваюцца, каб паглядзець на яго, і перацягнуў Амасу з дарогі на поле, і накрыў яго вопраткаю, бо бачыў, што ўсе праходзячыя спыняюцца каля яго. 13 І калі ён прыняў Амасу з дарогі, кожны чалавек пайшоў за Ёабам у пагоню за Сэбам, сынам Бохры. 14 І прайшоў Ёаб праз усе пакаленні Ізраэля аж да Абэл-Бэт-Маахі; і сабраліся ўсе сыны Бохры, і пайшлі за ім таксама. 15 І, вось, прыйшлі яны, і акружылі яго ў Абэл-Бэт-Маасе, і насыпалі вал насупраць горада, які стаў насупраць вонкавага крапаснога вала; і ўсе людзі, якія былі з Ёабам, стараліся разбурыць муры. 16 Тады з горада закрычала нейкая разумная жанчына: «Слухайце, слухайце! Скажыце Ёабу: “Падыдзі сюды, і я пагавару з табою”». 17 Калі ён падышоў да яе, яна сказала яму: «Ці ты Ёаб?» І ён адказаў ёй: «Я». Яна так сказала яму: «Паслухай, што скажа паслугачка твая». Ён адказаў: «Слухаю». 18 І зноў сказала яна: «Такія словы гаварыліся ў даўняй прыказцы: “Няхай спытаюцца ў Абэлі, і так скончаць справу”. 19 Я — мірны горад з [гарадоў], верных Ізраэлю. І ты хочаш разваліць горад і зруйнаваць маці [гарадоў] Ізраэля? Навошта ты нішчыш спадчыну Госпада?» 20 І ў адказ Ёаб сказаў: «Ніякім чынам, ніякім чынам; я не разбураю і не нішчу. 21 Не ў гэтым справа, але чалавек з гары Эфраіма, на імя Сэба, сын Бохры, падняў руку сваю на цара Давіда; выдайце яго аднаго, і я адступлю ад горада». І жанчына кажа Ёабу: «Вось, галава яго будзе скінута табе з мура». 22 І выйшла яна перад усім народам і сказала яму разумна. Яны адсеклі галаву Сэбы, сына Бохры, і кінулі праз мур Ёабу. І ён затрубіў у трубу, і адышлі ад горада кожны ў сваю палатку. А Ёаб вярнуўся ў Ерузалім да цара. 23 І стаў Ёаб над усім войскам Ізраэля; а Баная, сын Ёяды, — над херэтамі і фелетамі; 24 а Аданірам — над зборам даніны; а Язафат, сын Ахілуда, — канцлерам, над запісамі. 25 А Сіва — пісарам, а Садок і Абіятар — святарамі; 26 таксама Хіра з Яіра быў святаром у Давіда. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)