Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


2 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 1 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
2 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 1

1 Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Ісусе Хрысце:

2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.

3 Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як і належыць, бо вера ваша вельмі ўзрастае ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца,

4 так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасці і веры ва ўсіх пераследаваннях вашых і прыгнётах, якія пераносіце,

5 на доказ справядлівага суда Божага, каб былі вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і церпіце.

6 Бо справядліва ёсць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,

7 і вам, якія прыгнёт пераносіце, даць супачынак з намі ў час аб’яўлення з неба Госпада нашага Ісуса з анёламі магутнасці Яго,

8 у полымі агню, несучы адплату тым, што не ведаюць Бога і не слухаюць Евангелля Госпада нашага Ісуса Хрыста.

9 Яны атрымаюць пакаранне вечнай пагібеллю ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго,

10 калі Ён прыйдзе праславіцца ў Сваіх святых ды ў той дзень задзівіць усіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сведчанню ў гэты дзень.

11 Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі Свайго паклікання і напоўніў вас моцай ва ўсякім жаданні добрага і ўчынках веры,

12 каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, і вы – у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)