Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


2 ЛЕТАПІСАЎ 30 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
2 ЛЕТАПІСАЎ 30

1 Таксама паслаў Эзэкія пасланцоў да ўсяго Ізраэля і Юдэі, і напісаў лісты да Эфраіма і Манасы, каб наведалі дом Госпада ў Ерузаліме і каб святкавалі Пасху на пахвалу Госпаду, Богу Ізраэля.

2 Калі параіліся цар, і кіраўнікі, і ўся супольнасць у Ерузаліме, рашылі святкаваць Пасху ў другім месяцы.

3 Бо не здолелі яе святкаваць у сваім часе, таму што святары, якія маглі справіць свята, не асвяціліся, а народ яшчэ не сабраўся ў Ерузаліме.

4 Такім чынам, спадабалася гэта рашэнне цару ды ўсёй супольнасці,

5 ды рашылі паслаць вестуноў да ўсяго Ізраля ад Бээр-Сэбы аж па Дан, каб прыбылі яны святкаваць Пасху ў гонар Госпада, Бога Ізраэля, у Ерузалім; бо большасць не святкавала яе, як было законам прадпісана.

6 І разышліся вестуны з лістамі з рукі цара і яго кіраўнікоў па ўсім Ізраэлі і Юдзе, таму што цар загадаў, абвяшчаючы: «Сыны Ізраэля, навярніцеся да Госпада, Бога Абрагама, і Ізаака, і Ізраэля, каб і Ён вярнуўся да тых, якія ўцалелі, уцякаючы ад рукі цароў асірыйскіх.

7 Не будзьце падобнымі да бацькоў сваіх і братоў, якія адвярнуліся ад Госпада, Бога бацькоў сваіх, і Ён аддаў іх на загубу, як самі бачыце.

8 Цяпер не заглушайце сэрцаў вашых, як бацькі вашыя. Падайце рукі Госпаду і прыходзьце ў святыню Яго, якую Ён асвяціў навек; служыце Госпаду, Богу вашаму, каб адвярнуўся ад вас гнеў абурэння Яго.

9 Бо калі вы навернецеся да Госпада, то браты вашы і сыны атрымаюць міласэрнасць перад гаспадарамі сваімі, якія іх павялі ў няволю, ды вернуцца ў гэтую зямлю: бо міласэрны і літасцівы Госпад, Бог ваш, ды не адверне Ён аблічча Свайго ад вас, калі навернецеся да Яго».

10 Дык вестуны хадзілі з горада ў горад праз зямлю Эфраіма і Манасы аж да Забулона, але насміхаліся з іх і кпілі.

11 Але некаторыя людзі з Асэра, і Манасы, і Забулона ўпакорыліся і прыйшлі ў Ерузалім.

12 Таксама над Юдэяй была рука Госпада, каб даць ім адно сэрца, каб споўнілі загад цара і кіраўнікоў паводле слова Госпадавага.

13 Такім чынам, у Ерузаліме сабралася многа народу, каб адзначыць у другім месяцы свята праснакоў, ды сабранне было вельмі вялікае.

14 І яны, узяўшыся, разбурылі ахвярнікі, якія былі ў Ерузаліме, а таксама, перавярнуўшы ўсе кадзільніцы, укінулі іх у ручай Цэдрон.

15 І забілі пасхальнае ягня чатырнаццатага дня другога месяца; а пасаромленыя святары і левіты асвяціліся і прынеслі цэласпаленні ў дом Госпада.

16 І сталі ў сваім парадку па распараджэнні і законе Майсея, чалавека Божага; святары ж вылівалі кроў, якую бралі з рук левітаў,

17 так як многа было ў сабранні такіх, што не асвяціліся; таму што ўсім, хто быў нячыстым, левіты забівалі пасхальныя ахвяры для асвячэння іх Госпаду.

18 Вельмі бо вялікая частка народу з Эфраіма, і Манасы, і Ісахара, і Забулона не ачысціліся; і з’елі пасхальнае ягня не так, як было прадпісана. Ды маліўся за іх Эзэкія, кажучы: «Госпадзе, у дабраце Сваёй

19 прабач усім, хто накіраваў сэрца сваё, каб шукаць Госпада, Бога сваіх бацькоў, хоць без ачышчэння свяцілішча».

20 Госпад выслухаў Эзэкію і прабачыў народу.

21 А сыны Ізраэля, якія знаходзіліся ў Ерузаліме, святкавалі ўрачыстасць праснакоў з вялікай радасцю сем дзён, славілі Госпада штодзень і левіты, і святары на музычных інструментах, якія прыемна гучалі.

22 І прамовіў Эзэкія да сэрца ўсіх левітаў, якія мелі добрае ўяўленне аб Госпадзе; і закончылі сямідзённую ўрачыстасць, складаючы мірныя ахвяры ды славячы Госпада, Бога сваіх бацькоў.

23 І спадабалася ўсёй супольнасці святкаваць яшчэ сем дзён, бо адзначалі з вялікай радасцю.

24 Бо цар Юдэі Эзэкія выдзеліў для супольнасці тысячу валоў і сем тысяч авечак, а кіраўнікі далі народу тысячу валоў і дзесяць тысяч авечак; такім чынам, святароў асвяцілася вялікае мноства.

25 І ўся супольнасць Юдэі, — як святары і левіты, так і ўсе ўдзельнікі, якія прыбылі з Ізраэля, таксама і чужынцы, што прыйшлі з зямлі Ізраэля або жылі ў Юдэі, — была перапоўнена радасцю.

26 І ў Ерузаліме запанавала незвычайная радасць, якой не было ў гэтым горадзе ад дней Саламона, сына Давідавага, цара Ізраэля.

27 Паўсталі ж святары левіцкага роду і дабраславілі народ; і кліч іх быў пачуты ды іх маленне дайшло да святога Яго жытла — у неба.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)