1 І Дэмэтрый даведаўся, што Міканор і войска яго ў баі палі, ды зноў паслаў Бакхіда і Альцыма ў зямлю Юдэйскую і разам з імі правае крыло войска. 2 І яны пайшлі дарогай, што вядзе ў Галгал і паставілі лагер каля Масалота ў Арбэлі, і здабылі яго, і многа людзей забілі. 3 І ў першым месяцы сто пяцьдзесят другога года наблізіліся да Ерузаліма; 4 і падняліся, і адправіліся ў Бэрот з дваццаццю тысячамі пешакоў і з дзвюма тысячамі коннікаў. 5 І Юда паставіў лагер у Эласе з трыма тысячамі адборных ваяроў; 6 і яны ўбачылі вялікую колькасць войска, бо многа іх было, і спалохаліся вельмі; і многа ўцякло з лагера, і засталося з іх не больш васьмісот ваяроў. 7 І Юда ўбачыў, што войска яго разбеглася, а бой непазбежны, і ўстрывожылася яго сэрца, бо не меў часу, каб сабраць іх, і ахапіў яго смутак. 8 І ён сказаў тым, што з ім заставаліся: «Устаньма і ўдарым па праціўніках нашых, можа, зможам ваяваць з імі». 9 І яны адказвалі яму і сказалі: «Ніяк не зможам, аднак ратуйма толькі жыцці нашы, і вернемся з братамі нашымі, і будзем ваяваць з імі; нас жа так мала». 10 І Юда сказаў: «Не выпадае так рабіць, уцякаць перад імі; і калі наш час надышоў, то і памром мужна за братоў нашых, і не прычынім шкоды нашай славе». 11 І зняў войска з лагера, і сталі супраць іх; і конніца падзялілася на дзве часткі, і ўперадзе войска ішлі прашчнікі і лучнікі, і ў першым шэрагу былі найбольш адважныя. 12 А Бакхід быў на правым крыле; і наблізіліся дружыны з абодвух бакоў, і трубілі ў трубы; і тыя, хто быў з боку Юды, таксама затрубілі ў трубы; 13 і затрэслася зямля ад крыку войск; і разгарэлася бітва ад раніцы аж да вечара. 14 І Юда заўважыў, што Бакхід і мацнейшая частка войска знаходзіліся на правым баку, і ўсе смельчакі сабраліся каля яго; 15 і правае крыло было імі разбіта, і пераследаваў іх аж да гары Азот. 16 І тыя, што былі на левым крыле, як убачылі, што правае крыло было разбіта, пайшлі ззаду услед за Юдам і яго ваярамі. 17 І бой стаў яшчэ цяжэйшым, і многа было забітых на адным і другім баку; 18 і Юда паў, забіты, і іншыя паўцякалі. 19 І Ёната і Сімон забралі Юду, свайго брата, і пахавалі яго ў магіле сваіх бацькоў у Модзіне. 20 І аплакалі яго, ды ўвесь народ Ізраэля вялікім плачам лямантаваў, і доўгі час насілі па ім жалобу, 21 і сказалі: «Як мог пасці волат, які збавіў Ізраэльскі народ!» 22 І іншыя дзеі Юды, і войны, і мужнасць, што ён учыніў, і веліч яго не былі запісаны, бо было іх надта многа. 23 І сталася, што па смерці Юды на ўсіх прасторах Ізраэля падняліся ліхотнікі і з’явіліся ўсякія злачынцы. 24 У тыя дні здарыўся надта вялікі голад, ды краіна разам з імі здалася. 25 І Бакхід выбраў бязбожных людзей і паставіў іх правіцелямі краю; 26 і яны вышуквалі і высочвалі прыяцеляў Юды, і вялі іх да Бакхіда, і ён помсціў ім і здзекаваўся над імі. 27 І пачалося вялікае гора ў Ізраэлі, якога не было ад часу з’яўлення перад імі прарока. 28 Ды сабраліся ўсе прыяцелі Юды і сказалі Ёнату: 29 «Ад таго часу, як памёр брат твой Юда, няма падобнага да яго чалавека, які б выступіў супраць ворагаў ды супраць Бакхіда і тых, што з’яўляюцца ворагамі нашага народа; 30 цяпер, сёння, выбіраем замест яго цябе, каб быў ты кіраўніком і правадыром нашым, каб прадаўжаць вайну нашу». 31 І ў той час Ёната згадзіўся быць кіраўніком і заняў месца брата свайго, Юды. 32 І калі Бакхід даведаўся пра гэта і шукаў яго, каб забіць, 33 і Ёната і Сімон, брат яго, ды ўсе, што з ім былі, даведаліся аб гэтым і ўцяклі ў пустыню Тэкуэ і затрымаліся пры вадзе возера Асфар. 34 І даведаўся аб гэтым Бакхід у суботу, і ён сам ды ўсё войска яго пераправіліся праз Ярдан. 35 І Ёната выправіў брата свайго, кіраўніка над народам, і папрасіў набатэяў, прыяцеляў сваіх, каб далі яны ім запасы свае, што былі вялікія. 36 І сыны Ямбры выйшлі з Мэдабы, і схапілі яны Ёана ды ўсё, што ён меў, і пайшлі з усім здабыткам. 37 Па тых здарэннях паведамлена было Ёнату і Сімону, брату яго, што сыны Ямбры спраўляюць вялікае вяселле і што бяруць жонку з Надабата, дачку аднаго з вялікіх князёў Ханаана, усё з вялікай пышнасцю. 38 Ды прыпомнілі яны кроў Ёана, брата свайго, і пайшлі яны, і схаваліся ў пячоры пад гарой; 39 і паднялі вочы свае, і ўбачылі крыклівае і вялікае шэсце, і насустрач ім выйшаў жаніх, і прыяцелі яго, і браты яго з тымпанамі, і з музыкай, і са шматлікай зброяй. 40 І яны выскачылі з засады да іх і іх забілі, і многія, параненыя, паўміралі; і астатнія ўцяклі ў горы, і пераможцы ўзялі ўсю іх здабычу. 41 І вяселле перамянілася ў жалобу, і голас музыкаў іх – у лямантаванне. 42 І адпомсцілі помстаю за кроў брата свайго, і вярнуліся да берага Ярдана. 43 І пачуў пра гэта Бакхід, і ў дзень суботы прыбыў з вялікім войскам да берага Ярдана. 44 І Ёната сказаў тым, што з ім былі: «Устанем і будзем ваяваць за свае жыцці; сёння бо не так, як учора і пазаўчора: 45 Бо вось, вайна супраць нас, а вада Ярдана адтуль і адсюль, і балоты, і лес, і няма месца, дзе ўхіліцца. 46 Дык прызывайце цяпер неба, каб маглі мы вызваліцца з рук ворагаў нашых» – і пачаўся бой. 47 І Ёната выцягнуў руку сваю, каб забіць Бакхіда, і ён ухіліўся ад яго назад. 48 І Ёната і тыя, што з ім былі, спусціліся за Ярдан і пераплылі на другі бераг, і тыя не паплылі за імі праз Ярдан. 49 І ў той дзень з боку Бакхіда пала тысяча ваяроў. 50 І я ны вярнуліся ў Ерузалім. І пабудавалі яны ў Юдэі ўмацаваныя гарады, якія былі ў Ерыхоне, і ў Эмаусе, і ў Бэтароне, і ў Бэтэлі, і ў Тамнаце, і ў Паратоне, і ў Тэфоне – з высокімі мурамі, і брамамі ды засаўкамі; 51 І пакінуў у іх варту, каб варожа адносілася да Ізраэля. 52 І ўмацаваў горад Бэтсуру, і Газару, і крэпасць, і пакінуў у іх войска і запасы харчоў. 53 І ўзяў у заложнікі сыноў князёў краю, і трымаў іх у крэпасці ў Ерузаліме пад вартай. 54 І ў сто пяцьдзесят трэцім годзе ў другім месяцы загадаў Альцым разбурыць мур унутранага панадворка святыні і разбурыў тое, што прарокі будавалі. Ды пачаў разбураць. 55 І ў той час Альцым быў паражоны, і спынілася яго работа; і анямелі яго вусны, і саслабеў, і больш не мог прагаварыць слова і распарадзіцца аб сваім доме; 56 і памёр Альцым у той час у вялікіх муках. 57 І Бакхід даведаўся пра смерць Альцыма, і вярнуўся да цара, і зямля Юды супакоілася на два гады. 58 І ўсе злачынцы тады разважалі і казалі: «Вось, Ёната і яго прыхільнікі жывуць сабе ўпэўнена і спакойна; давай жа цяпер навядзем Бакхіда, і ён захопіць іх усіх у адну ноч». 59 І пайшлі, і такую далі яму параду. 60 І ён прыгатаваўся, і выбраўся ў дарогу з вялікім войскам, і, таючыся, паслаў лісты сваім прыхільнікам, якія жылі ў Юдэі, каб схапіць Ёнату і тых, якія з ім былі; і ім не ўдалося, бо паведамлена было яму пра іх намер. 61 І схапілі яны каля пяцідзесяці чалавек пасярод тых людзей зямлі, якія былі кіраўнікамі злачынстваў, і забілі іх. 62 І Ёната разам з Сімонам і з тымі, што яго трымаліся, адышоў у Бэтбасі, што ў пустыні; і адбудаваў руіны яго, і ўмацаваў яго. 63 І аб гэтым даведаўся Бакхід, і сабраў усё войска сваё, і прызваў тых, што былі ў Юдэі; 64 і падышоў, і паставіў лагер ля Бэтбасі, і асадзіў яго на доўгі час, і падрыхтаваў асадныя машыны. 65 І Ёната пакінуў у горадзе свайго брата Сімона, і сам з малою колькасцю ваяроў выйшаў у край; 66 і пабіў Адамэру і братоў яго, а таксама сыноў Фазірона ў палатках, і пачаў забіваць і ўзмацняцца сіламі. 67 Сімон жа і яго ваяры выйшлі з горада і спалілі асадныя машыны, 68 і ваявалі супраць Бакхіда і пабілі яго, і надта яго засмуцілі, таму што намеры яго і наступ яго былі марныя. 69 І раззлаваўся ён у душы на людзей злачынных, якія далі яму параду пайсці ў тую краіну, і многіх з іх пазабівалі; і мелі вярнуцца ў сваю зямлю. 70 І даведаўся пра гэта Ёната, і паслаў да яго легатаў заключыць супакой з ім і вярнуць яму палонных. 71 І ён прыняў прапанову яго, і пакляўся, што больш не будзе чыніць яму зла праз усе дні яго жыцця; 72 і вярнуў яму палонных, якіх яшчэ раней узяў з зямлі Юдэйскай, і павярнуўся, і пайшоў у сваю зямлю, і ўжо болей не прыходзіў у яго землі. 73 І адступіў меч ад Ізраэля, і Ёната абжыўся ў Міхмасе, і Ёната там пачаў судзіць народ, і бязбожных выдаляў з Ізраэля. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)