Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1-я Кніга Макабэяў 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
1-я Кніга Макабэяў 15

1 Антыёх, сын цара Дэмэтрыя, – паслаў лісты з марскіх астравоў Сімону, святару і правіцелю ўсяго народа юдэйскага, і ўсяму народу,

2 і былі яны такога зместу: «Цар Антыёх – Сімону, першасвятару і правіцелю народа, і народу юдэйскаму – прывітанне.

3 Так, як злачынцы, некаторыя завалодалі царствам нашых бацькоў, а я хачу завалодаць царствам, каб вярнуць яго да ранейшага становішча, то і сабраў я многа войска, і падрыхтаваў ваенныя караблі.

4 Хачу ж прайсці па тэрыторыі, каб пакараць тых, якія знішчылі наш край і шмат гарадоў майго царства зраўнавалі з зямлёй.

5 Дык цяпер пацвярджаю табе ўсе падаткі, ад якіх вызвалілі цябе цары да мяне, і ўсе іншыя даніны, ад якіх звольнілі цябе.

6 І дазваляю табе чаканіць сваю ўласную манету ў тваім краі;

7 а Ерузалім і святыня хай будуць свабодныя, і ўся зброя, што ты зрабіў, і крэпасці, якія пабудаваў і якімі валодаеш, хай застаюцца пры табе;

8 і ўсякі доўг царскі ды будучыя царскія даўгі ад цяпер і назаўсёды хай будуць адпускацца табе.

9 Калі ж авалодаем царствам нашым, ушануем цябе, і твой народ, і святыню вялікай славай, каб ваша слава выявілася ўсяму свету».

10 У сто семдзесят чацвёртым годзе накіраваўся Антыёх у зямлю сваіх бацькоў, а ўсе ваяры перайшлі да яго, так што нямногія засталіся пры Трыфане.

11 І Антыёх пагнаўся за ім, і ён, уцякаючы, прыбыў у Дору, што знаходзіцца каля мора;

12 бо ведаў ён, што нахлынула гора на яго і што войска пакінула яго.

13 І Антыёх наблізіўся да Доры са ста дваццаццю тысячамі ваяроў і васьмю тысячамі коннікаў,

14 абкружыў горад, і караблі падышлі з мора, і сціскаў горад з сушы і з мора, і нікому не дазваляў уваходзіць, ані выходзіць.

15 А вярнуўся з Рыма Нумэній і тыя, што з ім былі, маючы лісты, напісаныя да цароў і да краёў, у якіх было напісана вось што:

16 «Консул рымскі, Люцый, цару Пталемею – прывітанне.

17 Прыбылі да нас пасланнікі юдэйскія, нашыя прыяцелі і саюзнікі, пасланыя першасвятаром Сімонам і народам Юдэйскім, каб аднавіць ранейшае сяброўства і саюз.

18 Прынеслі ж яны залаты шчыт у тысячу мінаў вагі.

19 Ды рашылі мы напісаць ліст царам і краям, каб не спрычынялі ім крыўды і каб не ваявалі супраць іх, супраць іх гарадоў, ані супраць іх краю, ды каб не дапамагалі тым, хто з імі ваюе.

20 Рашылі ж мы прыняць ад іх шчыт.

21 Дык калі нейкія злачынцы ўцякуць з іх краю да вас, то аддайце іх першасвятару Сімону, каб іх пакараў па сваім законе».

22 Тое ж самае напісаў цару Дэмэтрыю, і Аталу, і Ар’ярату, і Арсаку,

23 ды ўсім краям: і Сампсацы, і Спартанцам, і Дэласу, і Мінду, і Сіцыёну, і Карыіду, і Самосу, і ў Памфіліі, і ў Ліцыю, і Галікарнасу, і Родасу, і Фасілідзе, і Косу, і Араду, і Гарцыне, і Кніду, і Сідзе, і Кіпру, і Цырэне.

24 А копію гэтых лістоў напісалі першасвятару Сімону і народу Юдэйскаму.

25 Цар Антыёх на другі дзень асадзіў войска Доры, адпраўляючы туды новыя сілы, ды будуючы машыны, ды замкнуў Трыфана, каб ён не выйшаў і не ўвайшоў.

26 І Сімон паслаў яму дзве тысячы адборных ваяроў на дапамогу, і срэбра, і золата, ды многа пасудзін.

27 І ён не захацеў прыняць гэта, але знішчыў усё, аб чым дамовіўся з ім раней, і стаў чужым яму.

28 І паслаў да яго Атэнобія, аднаго з прыяцеляў сваіх, каб перагаварыць з ім ды сказаць: «Вы трымаеце Ёпэ і Газару ды крэпасць, што ў Ерузаліме, гарады майго царства;

29 вы спустошылі землі іх, і прынеслі вялікае гора для зямлі, і сталі гаспадарамі ў многіх месцах у маім царстве.

30 Дык цяпер аддайце гарады, якія вы занялі, ды падаткі з тых мясцовасцей, у якіх вы гаспадарыце па-за межамі Юдэі;

31 калі ж не, то заплаціце за іх пяцьсот талентаў срэбра, і за спусташэнне, якое вы зрабілі, і за падаткі ад гарадоў – другія пяцьсот талентаў; а калі не, то прыйдзем і знішчым вас».

32 І прыяцель цара Антэнобій прыбыў у Ерузалім, і ўбачыў славу Сімона, і бляск золата, і срэбра, і шматлікія пасудзіны і паслугу, аслупянеў, і выказаў яму патрабаванні цара.

33 І ў адказ сказаў яму Сімон: «Не занялі мы чужой зямлі ані прысвоілі сабе чужой маёмасці, але спадчыну нашых бацькоў, якая несправядліва была забрана калісьці нашымі ворагамі.

34 Мы ж, маючы час, вярнулі сабе спадчыну нашых бацькоў;

35 што да Ёпэ і Газары, якіх ты патрабуеш, то яны прыносілі вялікую шкоду народу нашаму: за іх дадзім сто талентаў». І той не сказаў яму аніводнага слова.

36 З вялікаю ж злосцю вярнуўся да цара, і перадаў яму гэты адказ, і расказаў яму пра славу Сімона і пра ўсё, што ён убачыў; і цар разгневаўся страшна.

37 Трыфан жа дабраўся да карабля і ўцёк у Артозію.

38 І цар назначыў Цэндэбэя марскім кіраўніком, і аддаў пад яго кіраўніцтва пешых і коннікаў;

39 і загадаў яму накіраваць войска супраць Юдэі, і загадаў яму пабудаваць Цэдрон, і ўмацаваць брамы горада, і ваяваць супраць народа. Цар жа пераследаваў Трыфана.

40 І Цэндэбэй прыбыў у Ямнію і пачаў здзекавацца з народа, і нападаць на тэрыторыю Юдэі, і браць людзей у палон, і забіваць.

41 І адбудаваў Цэдрон, і памясціў там коннікаў, і войска, каб, выйшаўшы, пераймалі на дарогах Юдэі, як загадаў яму цар.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)