1 І Ёната, бачачы, што час яму спрыяе, выбраў людзей і паслаў іх умацаваць Рым і ўзнавіць з імі сяброўства; 2 і да спартанцаў і ў іншыя мясцовасці паслаў лісты такога ж зместу. 3 І выбраліся ў Рым, і ўвайшлі ў сэнат, і сказалі: «Першасвятар Ёната і народ Юдэйскі паслалі нас узнавіць сяброўства і саюз з вамі, як раней». 4 І ім далі яны лісты да мясцовых кіраўнікоў, каб адвялі іх у юдэйскую зямлю ў супакоі. 5 І гэта копія лістоў, якія Ёната напісаў спартанцам: 6 «Першасвятар Ёната, і старэйшыны народа, і святары, і астатні народ юдэйскі братам спартанцам – прывітанне. 7 Ужо раней першасвятар Онія атрымаў ад вашага цара Арэя лісты, што вы з’яўляецеся нашымі братамі, як паказвае рэскрыпт, што быў уручаны. 8 І Онія з пашанай прыняў вашага пасланніка; і прыняў лісты, у якіх выразна зазначалася аб саюзе і сяброўстве. 9 Дык мы, хоць да гэтага не змушае ніякая патрэба, – маем уцеху ў святых кнігах, якія ў руках нашых, – 10 паспрабавалі паслаць лісты да вас, каб узнавіць братэрства і сяброўства, каб часам не сталі мы вам чужымі; многа бо прайшло часу, як вы пісалі да нас. 11 Такім чынам, мы заўсёды і бесперапынна ў святы і ў іншыя ўрачыстасці памятаем пра вас у час ахвяр, якія ўскладаем, і ў час маленняў, трэба бо і належыць помніць пра братоў. 12 Таму цешымся з вашай славы. 13 Мы ж акружаны многімі бедамі і многімі войнамі; і нападалі на нас цары, што вакол нас. 14 Такім чынам, у гэтых войнах не захацелі мы вас турбаваць, ані іншых саюзнікаў, ані прыяцеляў нашых; 15 бо маем мы дапамогу з неба, якая нам дапамагае, і вызваліліся мы ад непрыяцеляў нашых, і былі ўпакораны непрыяцелі нашыя. 16 Такім чынам, выбралі мы Нумэнія, сына Антыёха, і Антыпатра, сына Язона, дый паслалі іх да рымлян, каб узнавіць сяброўства з імі і папярэдні саюз; 17 даручылі мы ім таксама, каб наведалі вас і прывіталі вас, ды аддалі вам нашы лісты аб узнаўленні саюзу і братэрстве нашым. 18 І зараз добра зробіце, калі на гэта дасцё нам адказ». 19 І вось копія лістоў, якія паслалі Онію: 20 «Арэй, цар спартанцаў, першасвятару Онію – прывітанне. 21 У адным запісе, які тычыцца спартанцаў і юдэяў, было знойдзена, што яны браты і што паходзяць з роду Абрагама. 22 І цяпер, калі гэта ведаем, добра зробіце, калі напішаце нам аб вашым дабрабыце. 23 Але і мы вам дадзім адказ. Жывёла ваша і маёмасць ваша – нашы; і што наша – гэта ваша. Дык даручаем, каб паведамілі вам аб усім гэтым». 24 І Ёната даведаўся, што кіраўнікі Дэмэтрыя з яшчэ большым, чым раней, войскам накіраваліся, каб ваяваць супраць яго. 25 Ды і ён пайшоў з Ерузаліма і сустрэў іх у ваколіцы Аматыт; бо не даў ім магчымасці ўвайсці на сваю тэрыторыю. 26 І ў іх лагер паслаў разведчыкаў, і яны вярнуліся з весткаю яму, што яны рыхтуюцца да нападу на іх ноччу. 27 Калі ж зайшло сонца, Ёната загадаў сваім ваярам пільнаваць ды каб усю ноч былі ў зброі, гатовыя да бою; і паставіў вакол лагера варту. 28 І праціўнікі даведаліся, што Ёната са сваімі гатовы да бою, і спалохаліся, і паддаліся сумніву ў сваіх сэрцах, і распалілі вогнішча ў сваім лагеры. 29 А Ёната і яго ваяры не заўважылі адыходу аж да раніцы, бо бачылі святло, што палала. 30 І Ёната пачаў гнацца за імі, і іх не дагнаў; бо перайшлі яны на другі бок ракі Элеўтэр. 31 І Ёната павярнуў на арабаў, званых забадэйцамі, і перамог іх, і ўзяў здабычу іх. 32 І выбраўся, і накіраваўся ў Дамаск, і прайшоў увесь той край. 33 Сімон жа выйшаў, і прыйшоў аж да Аскалона і бліжэйшых умацаванняў, і збочыў у Ёпэ, і здабыў яго; 34 бо пачуў, што ўмацаванне хочуць аддаць прыхільнікам Дэмэтрыя, і пакінуў там варту, каб бераглі яго. 35 І вярнуўся Ёната, і склікаў старэйшын народа, і параіўся з імі, як пабудаваць умацаванні ў Юдэі, 36 і падняць вышэй муры Ерузаліма ды паміж крэпасцю і горадам паставіць надта высокі мур, аддзяляючы крэпасць ад горада, каб ён быў у поўным адасабленні, каб яго жыхары не маглі ані купляць, ані прадаваць. 37 І сабраліся, каб адбудаваць горад; і распалася частка мура з усходняга боку каля ручая, і ён адбудаваў так званую Хафэнату. 38 І Сімон пабудаваў Адзіду ў Сэфэлі, і ўмацаваў ды забяспечыў брамамі і запорамі. 39 І Трыфан задумаў быць царом Азіі ды ўскласці сабе на галаву вянец, і руку падняць на цара Антыёха. 40 І баяўся, што Ёната можа не дапусціць яго да гэтага і можа ваяваць супраць яго, ды шукаў магчымасці злавіць яго і забіць, ды сабраўся і адправіўся ў Бэтсан. 41 І Ёната з сарака тысячамі адборных ваяроў пайшоў на яго ў бой і прыбыў у Бэтсан. 42 І Трыфан разведаў, што ён прыбыў з вялікім войскам, ды забаяўся падняць на яго руку, 43 і прыняў яго пышна, і выйшаў насустрач яму з усімі сваімі прыяцелямі, і даў яму дары, і сваім ваярам загадаў быць паслухмянымі таму, як яму самому. 44 І Ёнаце сказаў: «Чаму ты патурбаваў усіх людзей? Нам жа вайна не пагражае. 45 І зараз адпраў іх дамоў. А выберы сабе некалькі ваяроў, каб былі з табой, і пойдзеш са мною ў Пталемею, і яе аддам табе, і іншыя крэпасці, і астатняе войска ды ўсіх наглядчыкаў за справамі, і вярнуся да сябе, з гэтаю бо толькі мэтаю прыбыў я сюды». 46 І паверыў яму Ёната ды зрабіў так, як ён сказаў, і адаслаў войска, і яны адышлі ў Юдэйскую зямлю. 47 Пакінуў жа пры сабе тры тысячы ваяроў, і з іх дзве тысячы пакінуў у Галілеі, а тысяча пайшла з ім. 48 А калі толькі Ёната ўвайшоў у Пталемею, жыхары Пталемеі пазачынялі брамы ды схапілі яго; і ўсіх, хто ўвайшоў з ім, пазабівалі мечам. 49 І Трыфан паслаў войска і конніцу ў Галілею і на вялікую раўніну, каб знішчыць усіх прыхільнікаў Ёнаты. 50 Тыя ж, калі зразумелі, што Ёната і ўсе сябры яго ўвязнены і забіты, заахвоцілі адны адных і, сабраўшыся ў адно, выступілі, гатовыя да бою. 51 І тыя, хто пераследаваў, убачыўшы, што размова ідзе аб іх жыцці, адступілі; 52 а яны ўсе бяспечна дайшлі да Юдэйскай зямлі, і плакалі па Ёнаце і яго сябрах, і былі ў вялікім страху; і ўвесь Ізраэль падняў вялікі лямант. 53 І ўсе суседнія народы стараліся знішчыць іх; казалі бо яны: 54 «Не маюць правадыра і ўспаможцы, дык цяпер нападзём на іх і сатром памяць аб іх у людзей». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)