Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


РЫМЛЯНАЎ 10 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
РЫМЛЯНАЎ 10

Рым 10

1 Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне.

2 Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму.

3 Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай;

4 бо канец закона - Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму.

5 Майсей піша пра праведнасьць ад закона: «чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім».

6 А праведнасьць ад веры так кажа: «не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?» - каб Хрыста зьвесьці;

7 альбо: «хто сыдзе ў бездань?» - каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці.

8 А што кажа Пісаньне? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» - слова веры, якое прапаведуем.

9 Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся;

10 бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне.

11 Бо Пісаньне кажа: «кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе».

12 Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае.

13 Бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца».

14 Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка?

15 І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: «якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!»

16 Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: «Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?»

17 Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне - ад слова Божага.

18 Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы».

19 Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: «Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым».

20 А Ісая сьмела маўляе: «Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне».

21 А пра Ізраіля кажа: «цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага».