Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 40 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 40

Пс 40

1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава,

2 Дабрашчасны, хто дбае пра ўбогага! У дзень бедства выбавіць яго Гасподзь.

3 Гасподзь ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; дабрашчасны ён на зямлі будзе. І Ты не здасі яго на волю ворагаў ягоных.

4 Гасподзь умацуе яго на ложку хваробы ягонай. Ты зьменіш увесь ложак ягоны ў хваробе ягонай.

5 Я сказаў: Госпадзе! зьлітуйся зь мяне, вылечы душу маю; бо зграшыў я прад Табою.

6 Ворагі мае пра мяне кажуць благое: «Калі ён памрэ, і загіне імя ягонае?»

7 І калі хто прыходзіць пабачыць мяне, кажа няпраўду; сэрца ягонае складае ў сабе няпраўду, і ён, выйшаўшы, гаворыць пра тое.

8 Усе ненавідзяць мяне, шэпчуцца паміж сабою супроць мяне, благое супроць мяне намышляюць:

9 «слова Веліяла прыйшло на яго; ён лёг; і болей ня ўстане».

10 Нават чалавек мірны са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў на мяне нагу.

11 А Ты, Госпадзе, зьлітуйся зь мяне і мяне падымі, і я ім заплачу.

12 З таго даведаюся, што Ты любіш мяне, калі вораг мой не апануе мяне,

13 а мяне захаваеш у цэласьці маёй і паставіш прад абліччам Тваім навечна.

14 Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, адвечна й навечна! Амін, амін!