Пс 1171 Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная. 2 Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная. 3 Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная. 4 Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная. 5 З уціску паклікаў я Госпада, і пачуў мяне, і на шырокае месца вывеў мяне Гасподзь. 6 Гасподзь за мяне - не збаюся: што зробіць мне чалавек? 7 Гасподзь мне памочнік: буду глядзець на ворагаў маіх. 8 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на чалавека. 9 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на князёў. 10 Усе народы абступілі мяне, але імем Гасподнім я іх скінуў; 11 Абступілі мяне, атачылі мяне; але імем Гасподнім я іх скінуў. 12 Абселі мяне, як пчолы соты, і пагасьлі, як вагонь у цёрне; імем Гасподнім я іх скінуў. 13 Моцна штурхнулі мяне, каб я ўпаў; але Гасподзь падтрымаў мяне. 14 Гасподзь сіла мая і песьня; Ён зрабіўся выратаваньнем маім. 15 Голас радасьці і выратаваньня ў жытлішчах праведнікаў; правіца Гасподняя творыць сілу! 16 Правіца Гасподняя высока, правіца Гасподняя творыць сілу! 17 Не памру, а жыць буду і абвяшчацьму дзеі Гасподнія. 18 Строга пакараў мяне Гасподзь, але сьмерцю мяне не скараў. 19 Адчынеце мне браму праўды: увайду ў яе, праслаўлю Госпада, 20 вось брама Госпада, праведныя ўвойдуць у яе. 21 Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім. 22 Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла. 23 Гэта - ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах. 24 Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты! 25 О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці! 26 Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга. 27 Бог - Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка. 28 Ты - Бог мой: славіць буду Цябе; Ты - Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем). 29 Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная. |