Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


МАЦЬВЕЯ 1 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
МАЦЬВЕЯ 1

Мц 1

1 Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.

2 Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных;

3 Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;

4 Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;

5 Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Ясея;

6 Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай;

7 Саламон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;

8 Аса спарадзіў Ёсафата; Ёсафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Азію;

9 Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам спарадзіў Ёзэкію;

10 Ёзэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Ёсію;

11 Ёсія спарадзіў Ёакіма; Ёакім спарадзіў Еханію і братоў яго, пад час высяленьня вавілонскага.

12 Пасьля ж высяленьня вавілонскага Еханія спарадзіў Салатыіля; Салатыіль спарадзіў Зарававеля;

13 Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліякіма; Эліякім спарадзіў Азора;

14 Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;

15 Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матана; Матан спарадзіў Якава;

16 Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос.

17 І вось усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; і ад Давіда да высяленьня вавілонскага чатырнаццаць пакаленьняў; і ад высяленьня вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.

18 Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога.

19 А Язэп, муж Яе, будучы праведны, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе.

20 Калі ж надумаў ён гэта, - вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;

21 і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх.

22 А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:

23 «Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог».

24 Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю

25 і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус.