Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


АМОСА 1 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
АМОСА 1

Ам 1

1 Словы Амоса, аднаго пастуха Тэкойскага, якія ён чуў ва ўяве пра Ізраіля ў дні Азіі, цара Юдэйскага і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага, за два гады перад землятрусам.

2 І сказаў ён: Гасподзь загрыміць зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма, - і заплачуць халупы пастухоў, і высахне вяршыня Карміла.

3 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Дамаска і за чатыры не пашкадую яго, бо яны малацілі Галаад жалезнымі цапамі.

4 І пашлю агонь на дом Азаіла, - і зжарэ ён харомы Вэнадада.

5 І скрышу замкі Дамаска і зьнішчу жыхароў даліны Авэн і таго, хто трымае жазло - з дому Эдэнавага, і пойдзе народ Арамейскі ў палон у Кір, кажа Гасподзь.

6 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Газы і за чатыры не пашкадую яе, бо яны вывелі ўсіх у палон, каб аддаць іх Эдому.

7 І пашлю агонь у сьцены Газы, - і зжарэ харомы яе.

8 І зьнішчу жыхароў Азота і таго, які трымае жазло ў Аскалоне, і павярну руку Маю на Экрон, - і загіне рэшта Філістымлянаў, кажа Гасподзь Бог.

9 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Тыра і за чатыры не пашкадую яго, бо яны аддалі ўсіх палонных Эдому і не згадалі пра братэрскае спрымірэньне.

10 Пашлю агонь у сьцены Тыра, - і зжарэ харомы яго.

11 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Эдома і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перасьледаваў брата свайго мечам, прыдушыў пачуцьці роднасьці, лютаваў пастаянна ў гневе сваім і заўсёды захоўваў лютасьць сваю.

12 І пашлю агонь на Тэман, - і зжарэ харомы Васора.

13 Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы сыноў Амонавых і за чатыры не пашкадую іх, бо яны расьціналі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць межы свае.

14 І запалю агонь у сьценах Равы, - і зжарэ харомы яе сярод крыку ў дзень бітвы, зь віхураю ў дзень буры.

15 І пойдзе цар іхні ў палон, ён і князі ягоныя разам зь ім, кажа Гасподзь.