Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


2 ЦАРСТВАЎ 22 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
2 ЦАРСТВАЎ 22

2 Цар 22

1 І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:

2 Гасподзь - цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.

3 Бог мой - скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!

4 Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.

5 Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;

6 ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.

7 Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.

8 Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.

9 Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.

10 Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;

11 і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;

12 і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;

13 ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.

14 Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;

15 пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.

16 І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.

17 Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;

18 выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.

19 Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне

20 і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.

21 Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.

22 Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,

23 бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,

24 і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.

25 І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.

26 Зь мілажальным Ты - мілажальны, з чалавекам шчырым - шчыры,

27 з чыстым - чысты, а з хітрым - па хітрасьці ягонай.

28 Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.

29 Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.

30 З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.

31 Бог! - беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.

32 Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?

33 Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;

34 робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;

35 вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.

36 Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.

37 Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.

38 Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;

39 і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.

40 Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;

41 Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.

42 Яны клічуць, але няма выратавальніка, - да Госпада, але Ён ня слухае іх.

43 Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.

44 Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.

45 Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.

46 Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.

47 Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,

48 Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы

49 і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.

50 За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,

51 велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!