Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


МАЛАХІІ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
МАЛАХІІ 2

Мал 2

1 І цяпер для вас прыказаньне гэтае, сьвятары.

2 Калі вы не паслухаеце, і калі ня прыймеце да сэрца, каб даваць славу імені Майму, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я пашлю на вас праклён і пракляну дабраславенствы вашыя, і нават ужо праклінаю, бо вы ня прыймаеце [гэтага] да сэрца.

3 Вось, Я пакараю насеньне вашае і накідаю гной на абліччы вашыя, гной сьвяточных [ахвяраў] вашых, і вынясуць вас разам з ім.

4 І вы даведаецеся, што Я паслаў вам прыказаньне гэтае, каб быў запавет Мой з Левіем, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

5 Запавет Мой з ім быў жыцьцём [для яго], і Я даў яму страх, і ён баяўся Мяне, і перад абліччам імя Майго быў напоўнены страхам.

6 Закон праўды быў на вуснах ягоных, і беззаконьне не было знойдзена ў вуснах ягоных. У супакоі і справядлівасьці ён хадзіў са Мной і шмат каго адвярнуў ад беззаконьня.

7 Бо вусны сьвятара павінны захоўваць веданьне, і закону шукаюць з вуснаў ягоных, бо ён — пасланец ГОСПАДА Магуцьцяў.

8 Але вы зьвярнулі са шляху, і зрабілі, што шмат [людзей] спатыкнуліся ў Законе, зьнішчылі запавет Левія, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.

9 І Я таксама зраблю вас пагрэбаванымі і прыніжанымі перад усім народам, бо няма сярод вас тых, якія захоўваюць шляхі Мае і падымаюць аблічча на Закон.

10 Хіба не адзін Айцец у-ва ўсіх нас? Хіба не адзін Бог стварыў нас? Чаму кожны здраджвае брату свайму, зьневажаючы запавет бацькоў нашых?

11 Здрадзіў Юда, і ўчынена агіда ў Ізраілі і ў Ерусаліме, бо Юда зьняважыў сьвятыню ГОСПАДА, якую Ён любіць, і ўзяў за жонку дачку бога чужога.

12 Няхай ГОСПАД выгубіць кожнага з намётаў Якуба, хто робіць гэта, і таго, хто бачыць [гэта], і хто абараняе, хоць бы ён прыносіў дар ГОСПАДУ Магуцьцяў.

13 І яшчэ другое вы робіце: абліваеце сьлязьмі ахвярнік ГОСПАДА з плачам і стогнам. Ён ужо не зьвяртае [ўвагі] на дары і не прыймае іх зычліва з рук вашых.

14 І вы кажаце: «За што?» Бо ГОСПАД быў сьведкам паміж табою і жонкай маладосьці тваёй, якой ты здрадзіў, а яна — сяброўка твая і жонка запавету твайго.

15 Ці ж ня [Бог] адзін зрабіў [нас], і рэшта духу [належыць] Яму. І што шукае адзіны [Бог]? Насеньня Божага. Таму захоўвайце дух ваш, і няхай [ніхто] ня здраджвае жонцы маладосьці сваёй.

16 Бо Я ненавіджу развод, кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, і таго, хто пакрывае ліхадзействам адзеньне сваё. Таму захоўвайце дух ваш, і ня здраджвайце.

17 Вы стамілі ГОСПАДА словамі вашымі, і вы кажаце: «Чым мы стамілі?» Размовамі вашымі: «Кожны, хто робіць ліха — добры ў вачах ГОСПАДА, і Ён мае ўпадабаньне ў іх», альбо: «Дзе Бог суду?»