Ляв 41 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Гавары сынам Ізраіля: “Калі хто праз няўвагу саграшыць адносна прыказаньняў ГОСПАДА, якія забараняюць нешта рабіць, а ён гэта зрабіў бы, 3 дык калі гэтага грэху дапусьціцца памазаны сьвятар, так што яго віна спадае на народ, тады складзе ён у ахвяру ГОСПАДУ як перамольную ахвяру за дапушчаны грэх маладога бычка без заганы. 4 І прывядзе бычка да ўваходу ў Намёт Спатканьня перад аблічча ГОСПАДА, і паложыць руку на галаву яго, і заб’е яго перад абліччам ГОСПАДА. 5 І памазаны сьвятар возьме крыві таго бычка, і ўнясе ў Намёт Спатканьня. 6 І памочыць сьвятар палец у крыві, і пакропіць крывёй сем разоў перад абліччам ГОСПАДА, перад заслонай Месца Сьвятога. 7 І памажа сьвятар крывёй рагі ахвярніка пахкага каджэньня, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві бычка вылье ён на падставу ахвярніка цэласпаленьня, які перад уваходам у Намёт Спатканьня. 8 І выме з ахвяраванага бычка ўвесь тлушч, які пакрывае нутро, і ўсю тлустасьць, якая на нутры, 9 і абедзьве ныркі разам з тлушчам, які над імі, які дастае да сьцёгнаў, а таксама тлушч, які на вантробе; разам з ныркамі няхай аддзеліць яго, 10 такім жа чынам, як аддзяляецца тлушч бычка ахвяры мірнай. І спаліць сьвятар усё гэта на ахвярніку цэласпаленьня. 11 А скуру цяляці, усё мяса ягонае, галаву ягоную, ногі ягоныя, і нутро ягонае, і нячыстасьць ягоную, 12 усяго бычка няхай вынясуць па-за табар; на чыстае месца, дзе высыпаюць попел, і там няхай будзе спалены агнём на дровах. 13 Калі ўся грамада Ізраіля саграшыць праз няўвагу, і схавана гэта будзе перад вачыма царквы, што такім чынам правініліся супраць прыказаньняў ГОСПАДА, 14 а потым яны зразумеюць грэх, якім саграшылі, дык няхай царква прывядзе да ўваходу ў Намёт Спатканьня бычка ў ахвяру за грэх. 15 І старшыні грамады ўскладуць рукі на галаву бычка перад абліччам ГОСПАДА, і той бычок будзе забіты перад абліччам ГОСПАДА. 16 І памазаны сьвятар унясе ў Намёт Спатканьня частку крыві цяляці, 17 і памочыць палец у крыві, і пакропіць сем разоў перад абліччам ГОСПАДА перад заслонай. 18 І памажа тою крывёю рагі ахвярніку, які перад абліччам ГОСПАДА ў Намёце Спатканьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня, які каля ўваходу ў Намёт Спатканьня. 19 А ўвесь тлушч яго аддзеліць ад яго і спаліць на ахвярніку. 20 І зробіць з бычком тое, што робіцца з бычком ахвяры за грэх; так павінен зрабіць з ім. Так ачысьціць іх сьвятар, і будзе даравана ім. 21 І вынясе бычка па-за табар, і спаліць яго так, як спаліў папярэдняга бычка. Гэта ахвяра перамольная за грэх царквы. 22 Калі саграшыць князь і праз няўвагу дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, Бога ягонага, і гэтак правініцца, 23 калі будзе даведзены грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру ГОСПАДУ казла без заганы. 24 І паложыць ён руку сваю на галаву ягоную, і заб’е яго на месцы, дзе забіваюцца ахвяры цэласпаленьня перад абліччам ГОСПАДА. Гэта ахвяра за грэх. 25 І памочыць сьвятар палец у крыві ахвяры за грэх, і памажа ёю рагі ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка цэласпаленьня. 26 А ўвесь тлушч яго спаліць на ахвярніку, падобна як тлушч ахвяры мірнай. Так вось ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, і будзе яму даравана. 27 Калі хто спаміж народу зямлі праз няўвагу саграшыць і дапусьціцца таго, што забараняецца прыказаньнем ГОСПАДА, і гэтак правініцца, 28 калі будзе выяўлены яму грэх ягоны, якім саграшыў, няхай прывядзе ў ахвяру за грэх свой казу без заганы. 29 Пасьля паложыць руку на галаву ахвяры за грэх, і заб’е яе на месцы ахвяры цэласпаленьня. 30 Сьвятар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёю рагі ахвярніка цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка. 31 Потым аддзеліць увесь тлушч так, як быў аддзелены тлушч ахвяры мірнай. І спаліць яго сьвятар на ахвярніку на мілы пах ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар, і грэх будзе яму адпушчаны. 32 А калі хто захоча скласьці за грэх авечку, няхай прывядзе авечку без заганы, 33 узложыць руку на галаву ейную і заб’е яе як ахвяру за грэх на месцы, дзе забіваюць ахвяры цэласпаленьня. 34 І возьме сьвятар пальцам сваім крыві і памажа рагі ахвярніку цэласпаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярніка. 35 А ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзяляецца лой авечкі з ахвяры мірнай, і спаліць яго сьвятар на ахвярніку ў ахвяру ГОСПАДУ. Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён саграшыў, і будзе яму даравана. |