Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЕРАМІІ 16 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ЕРАМІІ 16

Яр 16

1 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:

2 «Ня бяры сабе жонкі, і няхай ня будзе ў цябе сыноў і дачок у месцы гэтым.

3 Бо гэта кажа ГОСПАД пра сыноў і дачок, якія будуць народжаныя ў месцы гэтым, і пра маці іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іхніх, якія будуць даваць ім жыцьцё ў зямлі гэтай.

4 Ад сьмяротных хваробаў яны паўміраюць, ня будуць яны аплаканыя і ня будуць пахаваныя, будуць гноем на абліччы зямлі. Будуць гінуць ад мяча і голаду, і трупы іхнія будуць ежай для птушак нябесных і зьвяроў зямных.

5 Бо гэтак кажа ГОСПАД: “Не ўваходзь у дом смутку, і не ідзі на галашэньне, і не спачувай ім, бо Я забраў ад народу гэтага супакой Мой, кажа ГОСПАД, міласэрнасьць і спагаднасьць.

6 Паўміраюць вялікія і малыя ў зямлі гэтай, ня будуць яны пахаваныя і ня будуць плакаць па іх, ня будуць рабіць нарэзаў [на скуры] і ня будуць стрыгчыся [дзеля іх].

7 І ня будуць ламаць хлеб для іх у жалобе, каб пацешыць па памёршым, і не дадуць ім выпіць з келіха пацяшэньня па бацьку іхнім і маці іхняй.

8 І не ўваходзь у дом банкетаваньня, каб сесьці з імі есьці і піць.

9 Бо гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я зраблю, што спыніцца на гэтым месцы, на вачах вашых і ў дні вашыя голас вясёласьці і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты”.

10 І станецца, што ты абвесьціш народу гэтаму ўсе словы гэтыя, і скажуць табе: “Чаму ГОСПАД прамовіў супраць нас пра ўсе гэтыя няшчасьці вялікія? І якое беззаконьне нашае, і які грэх наш, якім мы саграшылі супраць ГОСПАДА, Бога нашага?”

11 І ты скажаш ім: “Бо пакінулі Мяне бацькі вашыя, кажа ГОСПАД, і пайшлі за іншымі багамі, і служылі ім, і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі, і Закон Мой не захоўвалі.

12 А вы яшчэ горш робіце, чым бацькі вашыя, і вось, кожны з вас ідзе паводле сапсутасьці сэрца свайго ліхога, каб ня слухаць Мяне.

13 І Я выкіну вас з зямлі гэтай у зямлю, якой вы ня ведаеце, ані вы, ані бацькі вашыя, і вы будзеце там служыць іншым багам удзень і ўначы, бо Я не зьяўлю для вас літасьці”.

14 Вось таму прыходзяць дні, кажа ГОСПАД, калі ўжо ня будуць казаць: “Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай”,

15 але толькі: “Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія раскідаў іх”. І Я вярну іх у зямлю, якую даў бацькам іхнім.

16 Вось, Я пасылаю шмат рыбаловаў, кажа ГОСПАД, і будуць лавіць іх, а пасьля пашлю шмат паляўнічых, і будуць паляваць на іх на ўсіх гарах, і на ўсіх узгорках, і ў-ва ўсіх шчылінах скалаў.

17 Бо вочы Мае — на ўсе шляхі іхнія, і яны не схаваныя перад абліччам Маім і не схаванае беззаконьне іхняе перад вачыма Маімі.

18 І Я перш за ўсё аднагароджу ім падвойна за беззаконьне іхняе і за грэх іхні, за тое, што яны апаганілі зямлю Маю трупамі брыдоты сваёй і агідай сваёй напоўнілі спадчыну Маю».

19 «ГОСПАДЗЕ, сіла мая і цьвярдыня мая, і прыстанішча маё ў дзень трывогі! Да Цябе прыйдуць народы ад канцоў зямлі і скажуць: “Толькі хлусню і марнасьць атрымалі ў спадчыну бацькі нашыя, і няма ад іх карысьці”.

20 Ці ж можа чалавек зрабіць сабе багоў? А яны — ня богі».

21 «Дзеля таго вось, Я дам пазнаць ім, гэтым разам дам пазнаць ім руку Маю і магутнасьць Маю, і яны даведаюцца, што імя Маё — ГОСПАД!