Друг 231 Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адкрываць крысо адзеньня бацькі свайго. 2 Той, хто мае струшчаныя яечкі або адрэзаны чэляс, ня ўвойдзе ў царкву ГОСПАДА. 3 Ня ўвойдзе байструк у царкву ГОСПАДА, нават у дзясятым пакаленьні ня ўвойдзе ён у царкву ГОСПАДА. 4 Ня ўвойдзе Аманянін і Мааўлянін у царкву ГОСПАДА нават у дзясятым пакаленьні; ня ўвойдзе ён у царкву ГОСПАДА на вякі, 5 за тое, што яны не сустрэлі вас з хлебам і вадой на шляху, калі вы ішлі з Эгіпту, і аплацілі супраць цябе Білеама, сына Бэора, з Пэтору, што ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў. 6 Але ГОСПАД, Бог твой, не хацеў слухаць Білеама, і ГОСПАД, Бог твой, замяніў праклён адносна цябе на дабраславенства, бо ГОСПАД, Бог твой, палюбіў цябе. 7 Ня будзеш жадаць для іх міру і дабрабыту ў-ва ўсе дні твае і на вякі. 8 Ня будзеш брыдзіцца Эдомцам, бо ён — брат твой. Ня будзеш брыдзіцца Эгіпціянінам, бо прыхаднем ты быў у зямлі ягонай. 9 Сыны, якія народзяцца ім, у трэцім пакаленьні ўвойдуць у царкву ГОСПАДА. 10 Калі вырушыш табарам супраць ворагаў тваіх, сьцеражыся ад усякай справы ліхой. 11 Калі будзе ў цябе чалавек нячысты дзеля выпадку начнога, няхай выйдзе ён па-за табар і ня ўвойдзе ў табар. 12 Увечары няхай памыецца ў вадзе, а пасьля заходу сонца ўвойдзе ў табар. 13 Будзеш мець месца па-за табарам, у якое будзеш хадзіць па патрэбе. 14 І будзе шуфлік сярод прыладаў тваіх, і калі выйдзеш навонкі, прыгатуеш [ямку], і, вяртаючыся, прыкрыеш зямлёю тое, што выйшла з цябе. 15 Бо ГОСПАД, Бог твой, ходзіць пасярод табару твайго, каб ратаваць цябе і выдаваць ворагаў тваіх перад абліччам тваім. Няхай табар твой будзе сьвяты, і нічога ў ім ня мае быць бачна паганага, каб Ён не адвярнуўся ад цябе. 16 Не выдавай нявольніка, які да цябе ўцёк ад гаспадара свайго, гаспадару ягонаму. 17 Будзе ён жыць з табою, у месцы, якое ён выбраў у адной з брамаў тваіх, дзе будзе добра яму, і ты не засмучай яго. 18 Ня будзе блудніцы сярод дачок Ізраіля, ані мужчыны блудніка сярод сыноў Ізраіля. 19 Не занясеш у Дом ГОСПАДА, Бога твайго, заробку распусьніцы і грошы сабакі, як шлюбаваныя, бо ГОСПАД, Бог твой, брыдзіцца адным і другім. 20 Не вымагай ад брата свайго адсоткаў са срэбра, ці з харчаваньня, ці з кожнай рэчы, якую пазычыш. 21 Ад чужога можаш вымагаць адсоткаў, але ад брата ня будзеш вымагаць адсоткаў, каб ГОСПАД, Бог твой, дабраславіў цябе ў-ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку тваю ў зямлі, якую ідзеш авалодаць. 22 Калі складзеш шлюбаваньне ГОСПАДУ, Богу твайму, не марудзь выканаць яго, бо ГОСПАД, Бог твой, запатрабуе гэтага ад цябе і будзе гэта табе як грэх. 23 Калі ўстрымаешся ад шлюбаваньня, ня будзе на табе грэху. 24 Тое, што выйшла з вуснаў тваіх, захоўвай і рабі, як абяцаў ты ГОСПАДУ, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты [гэта] абяцаў. 25 Калі ўвойдзеш у вінаграднік бліжняга твайго, еш вінаград, колькі [падабаецца] душы тваёй, але ў кошык твой не кладзі. 26 Калі ўвойдзеш у збожжа бліжняга твайго, рві каласы рукою тваёй, але сярпом ня жні. |