Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ДЗЕІ 8 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ДЗЕІ 8

Дз 8

1 А Саўл згаджаўся на забойства яго. Сталася ж у той дзень вялікае перасьледваньне царквы ў Ерусаліме. І ўсе, акрамя апосталаў, былі расьцярушаныя па ваколіцах Юдэі і Самарыі.

2 А Стэфана пахавалі мужы пабожныя і ўчынілі па ім галашэньне вялікае.

3 Саўл жа нішчыў царкву, уваходзячы ў дамы, і, цягнучы мужчынаў і жанчынаў, аддаваў [іх] у вязьніцу.

4 А тыя, што расьцярушыліся, хадзілі, дабравесьцячы слова.

5 Філіп жа, зыйшоўшы ў горад Самаранскі, абвяшчаў ім Хрыста.

6 І натоўпы прыслухоўваліся да ўсяго, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і бачачы знакі, якія ён чыніў.

7 Бо з многіх, якія мелі духаў нячыстых, яны выходзілі, крычучы моцным голасам, а шмат спараліжаваных і кульгавых былі аздароўленыя.

8 І сталася радасьць вялікая ў горадзе тым.

9 А быў раней у гэтым горадзе нейкі муж на імя Сымон, які чараваў і зьдзіўляў народ Самарыі, называючы сябе некім вялікім.

10 І прыслухоўваліся да яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: «Ён ёсьць вялікая моц Божая».

11 Прыслухоўваліся ж да яго дзеля таго, што ён даволі часу чараваньнем зьдзіўляў іх.

12 А калі паверылі Філіпу, які дабравесьціў пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны як мужчыны, так і жанчыны.

13 Дый Сымон і той паверыў, і, ахрысьціўшыся, трываў пры Філіпе. А бачачы знакі і цуды вялікія, што рабіліся, дзівіўся.

14 Апосталы ж, што былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,

15 якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб атрымалі Духа Сьвятога,

16 бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.

17 Тады яны ўсклалі на іх рукі, і яны атрымалі Духа Сьвятога.

18 Сымон жа, пабачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,

19 кажучы: «Дайце і мне гэткую ўладу, каб той, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Сьвятога».

20 Пётар жа сказаў яму: «Няхай срэбра тваё будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты думаў за грошы здабыць.

21 Няма табе часткі і жэрабя ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня шчырае перад Богам.

22 Дык навярніся ад гэтай ліхоты тваёй і прасі Бога, можа, будзе адпушчана табе задума сэрца твайго.

23 Бо бачу цябе ў гарчыні жоўці і ў вузьле няправеднасьці».

24 А Сымон, адказваючы, сказаў: «Маліцеся вы за мяне да Госпада, каб не прыйшло на мяне тое, што вы сказалі».

25 Яны ж, засьведчыўшы і расказаўшы слова Госпада, вярнуліся ў Ерусалім, дабравесьцячы ў многіх мястэчках Самаранскіх.

26 А анёл Госпада прамовіў да Філіпа, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень, на шлях, які зыходзіць з Ерусаліму ў Газу, той, які пусты».

27 І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж Этыёпскі, эўнух, можны Кандакіі, валадаркі Этыёпаў, які быў над усімі скарбамі ейнымі і прыйшоў у Ерусалім пакланіцца,

28 вяртаўся назад, і сядзеў у калясьніцы сваёй, і чытаў прарока Ісаю.

29 А Дух сказаў Філіпу: «Падыйдзі і прыстань да калясьніцы гэтай».

30 Прыбегшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш тое, што чытаеш?»

31 Той жа сказаў: «Як жа я магу, калі нехта не растлумачыць мне?» І папрасіў Філіпа, узыйшоўшы, сесьці з ім.

32 А ўрывак Пісаньня, які ён чытаў, быў гэткі: «Як авечку на зарэз, вялі Яго; і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ, гэтак Ён не адчыняе вуснаў Сваіх.

33 У паніжэньні Ягоным суд Ягоны ўзяты. А паходжаньне Ягонае хто распавядзе? Бо жыцьцё Ягонае будзе ўзята ад зямлі».

34 Адказваючы, эўнух сказаў Філіпу: «Прашу цябе, пра каго прарок гаворыць гэтае? Пра самога сябе ці пра каго іншага?»

35 А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад Пісаньня гэтага, дабравесьціў яму Ісуса.

36 А як ехалі па дарозе, прыйшлі да вады; і кажа эўнух: «Вось вада. Што перашкаджае мне быць ахрышчаным?»

37 А Філіп сказаў: «Калі верыш з усяго сэрца, можна». Ён жа, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы».

38 І загадаў спыніць калясьніцу. І зыйшлі абодва ў ваду, як Філіп, так і эўнух, і ахрысьціў яго.

39 Калі ж выйшлі яны з вады, Дух Госпада падхапіў Філіпа, і эўнух больш ня бачыў яго, бо паехаў у сваю дарогу, радуючыся.

40 А Філіп апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, дабравесьціў па ўсіх гарадах, пакуль прыйшоў у Цэзарэю.