Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ДЗЕІ 17 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ДЗЕІ 17

Дз 17

1 А прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Тэсалоніку, дзе была сынагога Юдэйская.

2 І Павал, паводле звычаю, прыйшоў да іх і тры суботы вёў гутаркі з імі з Пісаньня,

3 паказваючы і адкрываючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых і што: «Гэты Ісус, пра Якога я абвяшчаю вам, ёсьць Хрыстос».

4 І некаторыя з іх былі перакананыя і далучыліся да Паўла і Сілы, і вялікае мноства Грэкаў, якія пакланяліся [Богу], і жанчынаў першых нямала.

5 А Юдэі, якія не паверылі, зайздросьцячы і паклікаўшы нейкіх нягодных мужоў з плошчы, учынілі натоўп і ўзрушылі горад. І, стаўшы каля дому Язона, шукалі іх, каб прывесьці да народу.

6 Не знайшоўшы ж іх, пацягнулі Язона і некаторых братоў да бурмістраў, крычучы, што гэтыя сусьветныя бунтаўнікі прыйшлі і сюды,

7 а Язон іх прыняў, і што яны ўсё чыняць супраць пастановаў цэзара, называючы іншага валадаром, Ісуса.

8 І, чуючы гэта, устрывожыўся натоўп і бурмістры,

9 але, узяўшы заклад ад Язона і рэшты, вызвалілі іх.

10 Браты ж адразу ўначы выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю, і тыя, прыйшоўшы, пайшлі ў сынагогу Юдэйскую.

11 А гэтыя былі высакароднейшыя, чым у Тэсалоніцы; яны прынялі слова з усёй ахвотаю, штодня дасьледуючы Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.

12 Тады шмат з іх паверыла, і жанчынаў Грэцкіх паважаных, і мужчынаў нямала.

13 Калі ж Юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што і ў Бэрэі абвяшчаецца праз Паўла слова Божае, прыйшлі і сюды, падбухторваючы натоўп.

14 Тады браты адразу паслалі Паўла, каб ішоў быццам да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.

15 Тыя ж, што праводзілі Паўла, прывялі яго ў Атэны і, атрымаўшы прыказаньне для Сілы і Цімафея, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.

16 А калі Павал чакаў на іх у Атэнах, узрушыўся ў ім дух ягоны, бачачы горад, апанаваны ідаламі.

17 Дык ён вёў гутаркі ў сынагозе з Юдэямі і пабожнымі, і на рынку кожны дзень з тымі, з кім надарыцца.

18 Некаторыя ж з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім, і адны казалі: «Што хоча сказаць гэты баўбатун?», а другія: «Здаецца, ён прапаведуе чужыя боствы», — бо ён дабравесьціў ім пра Ісуса і ўваскрасеньне Ягонае.

19 І, узяўшы яго, прывялі ў арэапаг, кажучы: «Ці можам мы ведаць, што гэта за новае вучэньне ты распавядаеш?

20 Бо нешта незвычайнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, дык хочам ведаць, што гэта мае быць?»

21 Усе ж Атэнцы і прыйшоўшыя [туды] чужынцы ні чым іншым ня бавіліся, як гаварыць і слухаць нешта новае.

22 А Павал, стаўшы пасярод арэапагу, прамовіў: «Мужы Атэнскія! З усяго я бачу, што вы быццам асабліва пабожныя.

23 Бо, праходзячы і аглядаючы месцы пакланеньня вашыя, знайшоў я і ахвярнік, на якім напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каго вы, ня ведаючы, ушаноўваеце, я вам абвяшчаю.

24 Бог, Які стварыў сьвет і ўсё, што ў ім, Які ёсьць Госпад неба і зямлі, не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі,

25 і не ўтрымліваецца ад рук чалавечых, быццам нечага патрабуючы, Сам даючы ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё.

26 Ён учыніў з аднае крыві кожны народ чалавечы, каб жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы акрэсьленыя часы і межы пражываньня іхняга,

27 каб шукалі Госпада, можа, дакрануцца Яго і знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,

28 бо ў Ім мы жывем, і рухаемся, і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў гавораць: “Бо мы і род Ягоны”.

29 Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Боства падобнае да золата, ці срэбра, ці камяня, назначанага майстэрствам і думкаю чалавечай.

30 Дык Бог, зважаючы на часы няведаньня, загадвае цяпер усім людзям паўсюль навярнуцца,

31 бо прызначыў дзень, у які мае судзіць сусьвет паводле справядлівасьці праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».

32 Пачуўшы ж пра ўваскрасеньне мёртвых, адны кпілі, а другія казалі: «Паслухаем цябе пра гэта другім разам!»

33 І гэтак Павал выйшаў спасярод іх.

34 А некаторыя мужчыны, якія прысталі да яго, паверылі; між імі і Дыяніс Арэапагіт, і жанчына на імя Дамар, і іншыя з імі.