Вых 261 А Сялібу зробіш з дзесяці палотнаў з кручанага вісону, з блакіту, з пурпуру і барвовага кармазыну; і херувімаў зрабі на іх мастацкай работаю. 2 Даўжыня аднаго палатна — дваццаць восем локцяў, а шырыня аднаго палатна — чатыры локці; мера адна для ўсіх палотнаў. 3 Пяць палотнаў няхай будуць злучаныя адно з адным, і пяць палотнаў злучаныя адно з адным. 4 I зробіш пяцелькі з блакіту на краі аднаго палатна на канцы для сьпінаньня; і гэтак зробіш на краі апошняга палатна для сьпінаньня з іншага боку. 5 Пяцьдзясят пяцелек зробіш на адным палатне, і пяцьдзясят пяцелек зробіш на краі палатна [ў месцы,] дзе маюць быць сьпятыя з іншага боку; пяцелькі будуць насупраць адна адной. 6 I зробіш пяцьдзясят гачыкаў залатых, і злучыш гачыкамі палотны адно з адным, і будзе Сяліба адным [цэлым]. 7 I зробіш палотны з казінае [поўсьці] для намёту Сялібы, адзінаццаць палотнаў зробіш іх. 8 Даўжыня аднаго палатна — трыццаць локцяў, а ў шырыню адно палатно — чатыры локці; мера адна для адзінаццаці палотнаў. 9 I злучыш пяць палотнаў асобна і шэсьць палотнаў асобна. I зложыш удвая шостае палатно з пярэдняга боку намёту. 10 I зробіш пяцьдзясят пяцелек на краі аднаго палатна на канцы для сьпінаньня, і пяцьдзясят пяцелек на краі другога палатна для сьпінаньня з іншага боку. 11 I зробіш пяцьдзясят гачыкаў мядзяных, і ўложыш гачыкі ў пяцелькі, і злучыш намёт, і будзе ён адным [цэлым]. 12 А лішак, які застанецца ад палотнаў намёту, палова палатна, што засталася, няхай вісіць з задняга боку Сялібы. 13 А локаць з аднаго і локаць з другога боку, якія застануцца ад даўжыні палотнаў намёту, няхай вісяць па баках сялібы, з аднаго і з другога боку прыкрываючы яе. 14 I зробіш пакрыцьцё на намёт са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё на верх са скураў тахаш. 15 I зробіш з дрэва акацыі дошкі для Сялібы, якія будуць стаяць [проста]. 16 Дзесяць локцяў даўжыня дошкі, і паўтары локці шырыня адной дошкі. 17 Два шыпы будуць у кожнай дошцы, асаджаныя адзін насупраць другога. Гэтак зробіш у-ва ўсіх дошках Сялібы. 18 I зробіш дошкі для Сялібы — дваццаць дошак для паўднёвага боку, [што глядзіць] на поўдзень. 19 I сорак срэбных падставак зробіш пад дваццаць дошак; дзьве падстаўкі пад адну дошку да двух шыпоў ейных, і дзьве падстаўкі пад другую дошку да двух шыпоў ейных. 20 I да другога боку Сялібы на паўночны бок [зробіш] дваццаць дошак. 21 I сорак падставак для іх срэбных — дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку. 22 I для боку Сялібы, [што глядзіць] на захад, зробіш шэсьць дошак. 23 I дзьве дошкі зробіш для вуглоў Сялібы пры [заходнім] боку. 24 I будуць яны злучаныя ўнізе, і разам злучаныя ўгары адным колцам. Гэтак мае быць з імі абедзьвума; для двух вуглоў яны будуць. 25 I [так] будзе восем дошак, і падставак іхніх срэбных шаснаццаць: дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку. 26 І зробіш жэрдкі з дрэва акацыі — пяць да дошак аднаго боку Сялібы, 27 і пяць жэрдак да дошак другога боку Сялібы, і пяць жэрдак да дошак задняга боку Сялібы, [што глядзіць] на захад. 28 І жэрдка сярэдняя будзе праходзіць па сярэдзіне дошак ад аднаго канца да другога. 29 I дошкі пакрыеш золатам, і колцы на іх для ўкладаньня жэрдак зробіш залатыя, і пакрыеш жэрдкі золатам. 30 I паставіш Сялібу паводле статуту ейнага, які Я паказаў табе на гары. 31 I зробіш заслону з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону; мастацкай работай маеш зрабіць яе разам з херувімамі. 32 I павесіш яе на чатырох слупах з акацыі, пакрытых золатам, з кручкамі залатымі, на чатырох падстаўках срэбных. 33 I павесіш заслону на гачыках, і ўнясеш туды, унутр, за заслону Каўчэг Сьведчаньня; і будзе аддзяляць заслона вам [месца] Сьвятое ад Сьвятога Сьвятых. 34 I паложыш накрыўку на Каўчэг Сьведчаньня ў Сьвятым Сьвятых. 35 I паставіш стол навонкі ад заслоны, і сьвечнік насупраць стала пры паўднёвым боку Сялібы; а стол паставіш на паўночным баку. 36 I зробіш заслону на ўваходзе з блакіту, пурпуру, барвовавага кармазыну і кручанага вісону гафтаванае работы. 37 I зробіш для заслоны пяць слупоў з акацыі, і пакрыеш іх золатам, і кручкі да іх залатыя; і выльеш для іх пяць падставак мядзяных. |