Ег 141 А вось гэта атрымалі ў спадчыну сыны Ізраіля ў зямлі Ханаан, якую падзялілі Элеазар сьвятар і Егошуа, сына Нуна, і галовы дамоў пакаленьняў Ізраіля. 2 Спадчына іхняя была падзелена жэрабям, як загадаў ГОСПАД праз Майсея, дзевяці пакаленьням і палове пакаленьня Манасы. 3 Бо двум пакаленьням і палове пакаленьня Манасы даў Майсей спадчыну на тым баку Ярдану, а лявітам ня даў спадчыны між іх, 4 бо ад сыноў Язэпа выйшлі два пакаленьні: Манасы і Эфраіма, а лявітам ня дадзена на ўласнасьць зямлі, а толькі гарады на жыцьцё і пашы пры гарадах для статкаў іхніх і маёмасьці іхняй. 5 Як загадаў ГОСПАД Майсею, так і зрабілі сыны Ізраіля, і так падзялілі зямлю. 6 І прыйшлі сыны Юды да Егошуа ў Гільгале, і сказаў Халеў, сын Ефунны, Кенэзей: «Ты ведаеш слова, якое прамовіў ГОСПАД да Майсея, чалавека Божага, пра мяне і пра цябе ў Кадэш-Барнэа. 7 Сорак гадоў я меў, калі Майсей, слуга ГОСПАДА, паслаў мяне з Кадэш-Барнэа выведаць зямлю. І я прынёс яму слова, якое [было] ў сэрцы маім. 8 А браты мае, якія хадзілі разам са мною, напалохалі сэрцы народу, але я пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім. 9 У той дзень Майсей прысягнуў, кажучы: “Зямля, на якую ступіла нага твая, будзе спадчынай тваёй і сыноў тваіх на вякі, бо ты пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам маім”. 10 І вось, захаваў мяне ГОСПАД пры жыцьці, як абяцаў. Ужо сорак пяць гадоў мінула, як ГОСПАД прамовіў словы гэтыя да Майсея, калі яшчэ Ізраіль вандраваў праз пустыню. Цяпер я маю восемдзясят пяць гадоў, 11 але яшчэ сёньня я дужы як у дзень, калі пасылаў мяне Майсей; колькі ў мяне тады было сілы, столькі і цяпер маю для таго, каб ваяваць і каб выходзіць і вяртацца. 12 Таму дай ты мне гару гэтую, якую абяцаў мне ГОСПАД у той дзень. Ты сам чуў у той дзень, што там [сыны] Анака і гарады вялікія і ўмацаваныя. Калі ГОСПАД са мною, я здабуду іх, як ГОСПАД прамовіў». 13 І дабраславіў Егошуа Халева, сына Ефунны, і даў яму ў спадчыну Хеўрон. 14 Дзеля гэтага Хеўрон як спадчына належыць Халеву, сыну Ефунны, Кенэзею, аж па сёньняшні дзень, бо ён пайшоў за ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля. 15 Хеўрон раней называўся Кірыят-Арба, бо [Арба] быў найвялікшым чалавекам сярод [сыноў] Анака. І зямля жыла ў супакоі ад войнаў. |