Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ІСАІ 57 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ІСАІ 57

Іс 57

1 Праведны гіне, і няма чалавека, які бярэ [гэта] да сэрца; лю­дзі міласэрныя забіраюцца, і няма [нікога], хто б зразумеў, што ад аблічча зла забіраецца праведнік.

2 Ён адыходзіць у супакоі; супачываюць на ложках сваіх тыя, якія ходзяць [шляхам] простым.

3 Наблізьцеся сюды вы, сыны вядзьмаркі, насеньне чужаложніцы і распусьніцы.

4 З каго вы зьдзекуецеся? На каго раскрываеце рот і высоўваеце язык? Ці ж вы ня дзеці бунту, насеньне хлусьні?

5 Вы распаляецеся [юрлівасьцю] да ідалаў пад кожным дрэвам зялёным, забіваеце [ў ахвяру] дзяцей у ярах і ў шчылінах скалаў.

6 Гладкія [камяні] ў ярах — частка твая, яны, яны — жэрабя тваё. Для іх ты вылівала ахвяру вадкую, складала ахвяру хлебную. Ці ж гэтым Я маю быць усьцешаны?

7 На гары вялікай і высокай ты паставіла ложак свой, і туды ўзыйшла, каб ахвяроўваць ахвяры.

8 І за дзьвярыма і за вушакамі [дзьвярэй] ты паставіла памятку тваю, бо ты [далёка] ад Мяне, і распраналася, і ўзыходзіла, і пашырала ложак свой, і заключыла дамову з тымі, з кім любіш ляжаць, дзе месца нагледзіш.

9 І пайшла ты да валадара з алеем, і павялічыла масьці свае, і паслала далёка пасланцоў сваіх, і зыходзіла аж да адхлані.

10 Ты змучылася на шматлікіх шляхах тваіх, [але] не сказала: «Надарма!», і ты знаходзіла бадзёрасьць для рукі тваёй, таму не саслабела.

11 Каго ж ты спалохалася і збаялася, што падманвала і ня ўзгадвала пра Мяне, і не зьмя­сьціла [Мяне] ў сэрцы тваім? Ці ж не таму, што Я доўгі час маўчаў, ты не баішся Мяне?

12 Я выяўлю праведнасьць тваю і ўчынкі твае, і яны ня будуць на карысьць табе.

13 Калі будзеш клікаць, не абароніць цябе зграмаджэньне [ідалаў] тваіх, але ўсіх іх разьвее вецер і падхопіць бура. А хто спадзяецца на Мяне, возьме ў спадчыну зямлю і паселіцца на гары Маёй сьвятой.

14 І скажуць: «Прастуйце, прастуйце [дарогу], рыхтуйце шлях, прыбярыце перашкоды са шляху народу Майго».

15 Бо гэта кажа Высокі і Узьнесены, Які жыве вечна, і Сьвятое імя Ягонае: «Я жыву на вышынях і ў сьвятасьці, і [Я жыву] з тым, хто зламаны і спакораны духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца прыгнечаных.

16 Бо Я ня буду вечна спрачацца і ня буду заўсёды гневацца, бо тады [ўсякі] дух зьнікне перад абліччам Маім і [ўсякае] дыханьне, якое Я зрабіў.

17 Я загневаўся і ўдарыў яго за беззаконьне хцівасьці ягонай, адвярнуўся і загневаўся; але ён, узбунтаваны, пайшоў па шляху сэрца свайго.

18 Я бачыў шляхі ягоныя, і Я аздараўлю яго, і павяду яго, і дам пацяшэньне яму і тым, якія сумуюць дзеля яго.

19 І Я ствару плод вуснаў. Супакой, супакой далёкім і блізкім, кажа ГОСПАД. І Я аздараўлю яго».

20 А бязбожнік — як мора ўзбуранае, якое ня можа супакоіцца, і воды ягоныя выкідаюць балота і бруд.

21 Няма супакою для бязбожных, кажа Бог мой.