Іс 351 Няхай весяліцца пустыня і [зямля] сухая, няхай радуецца стэп і няхай красуе як нарцыс! 2 Няхай, квітнеючы, заквітнее і няхай радуецца з ускліканьнямі і сьпяваньнем, бо слава Лібану дадзена ёй, прыгажосьць Кармэлю і Шарону. Яны ўбачаць славу ГОСПАДА, веліч Бога нашага. 3 Умацуйце рукі зьнясіленыя і калені самлелыя зрабіце моцнымі. 4 Кажыце палахлівым сэрцам: «Будзьце моцнымі, ня бойцеся! Вось Бог ваш, помста надыходзіць, адплата Божая. Ён Сам прыйдзе і збавіць вас». 5 Тады расплюшчацца вочы сьляпых, і вушы глухіх адкрыюцца. 6 Тады кульгавы будзе скакаць як алень, і засьпявае язык нямога, бо пацякуць воды ў пустыні і струмяні ў стэпе. 7 І станецца выпаленая [зямля] возерам, а засьмягшая [зямля] — крыніцай вады, і ў логавішчах цмокаў, дзе месца супачынку іхняга, вырастуць трысьнёг і чарот. 8 І будзе там гасьцінец і шлях, і назавуць яго шляхам сьвятым, і ня будзе хадзіць па ім нячысты, і будзе ён толькі для іх, і неразумны не заблукае, калі пойдзе шляхам [гэтым]. 9 Ня будзе там ільва, і драпежны зьвер ня ўзыйдзе на яго і ня знойдзецца там, але будуць хадзіць там адкупленыя. 10 І вернуцца выбаўленыя ГОСПАДАМ, і ўзыйдуць на Сыён са сьпяваньнем, і радасьць вечная будзе на галовах іхніх. Вясёласьць і радасьць будуць з імі, смутак і стагнаньне ўцякуць [ад іх]. |