Іс 241 Вось, ГОСПАД пустошыць зямлю і нішчыць яе, і руйнуе аблічча ейнае, і жыхароў ейных расьцярушвае. 2 І што будзе з народам, тое і са сьвятаром; што са слугою, тое і з гаспадаром ягоным; што са служкай, тое і з гаспадыняй ейнай; што з тым, хто купляе, тое і з тым, хто продае; што з тым, хто пазычае, тое і з тым, хто дае; што з вінаватым [грошы], тое і з павернікам, [які даў грошы] яму. 3 Спусташэньнем будзе спустошана зямля і рабаваньнем разрабаваная, бо ГОСПАД прамовіў гэткае слова. 4 Высахла, зьвяла зямля, змарнеў і зьвяў сусьвет, змарнелі магнаты народу зямлі. 5 І зямля апаганеная жыхарамі ейнымі, бо яны парушылі Закон, не спаўнялі пастановаў, зламалі запавет вечны. 6 Дзеля гэтага праклён зьядае зямлю, і пакутуюць жыхары ейныя. Дзеля гэтага чэзнуць жыхары зямлі, і засталося няшмат людзей. 7 Сумуе маладое віно, вяне вінаграднік, уздыхаюць усе, якія радаваліся ў сэрцы [сваім]. 8 Заціхла вясёласьць бубнаў, змоўк гоман тых, якія весяляцца; заціхла вясёласьць гусьляў. 9 Ня п’юць са сьпевамі віна, згоркла сікера для тых, якія п’юць [яе]. 10 Зруйнаваны, спустошаны горад, зачынены ўсе дамы, нельга ўвайсьці [ў іх]. 11 Крык на вуліцах дзеля [нястачы] віна, зьнікла ўсякая радасьць, пайшла ў палон вясёласьць зямлі. 12 Засталася ў горадзе [толькі] пустэча, брама разьбітая ўшчэнт. 13 Бо станецца пасярод зямлі, паміж народаў так, як пры абтрасаньні алівак, як пры зьбіраньні [рэштак], калі скончыўся збор вінаграду. 14 Яны падымуць голас свой, будуць выслаўляць веліч ГОСПАДА, будуць голасна клікаць ад мора. 15 Дзеля гэтага слаўце ГОСПАДА на ўсходзе, і на астравах марскіх — імя ГОСПАДА, Бога Ізраіля. 16 З канцоў зямлі мы чуем сьпяваньне: «Слава Праведнаму!» Але я сказаў: «Я гіну, я гіну, гора мне! Ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і, ліхадзейнічаючы, ліхадзеі ліхадзейнічаюць». 17 Страх, яма і пастка на цябе, жыхару зямлі! 18 І станецца, што той, хто ўцячэ ад крыку жаху, уваліцца ў яму, а той, хто вылезе з ямы, трапіць у пастку, бо адчыніліся вокны нябесныя і затрэсьліся падваліны зямлі. 19 Развальваючыся, развальваецца зямля, трушчачыся, трушчыцца зямля, дрыжучы, дрыжыць зямля. 20 Хістаючыся, хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, цяжарам для яе стаўся грэх ейны; яна ўпадзе і ня ўстане. 21 І станецца ў той дзень, ГОСПАД наведае войска нябеснае на вышынях і валадароў зямных на зямлі; 22 і будуць яны зграмаджэньнем зграмаджаныя і ўвязьненыя ў яме, і будуць кінутыя ў вязьніцу, і праз шмат дзён будуць пакараныя. 23 І месяц пачырванее, і сонца засароміцца, бо заваладарыць ГОСПАД Магуцьцяў на гары Сыён і ў Ерусаліме, і перад старшынямі ягонымі [будзе] слава Ягоная. |