Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ІСАІ 13 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ІСАІ 13

Іс 13

1 Цяжар адносна Бабілону, які бачыў Ісая, сын Амоса.

2 На лысай гары пастаўце знак, узьніміце крык супраць іх. Махайце рукою, каб увайшлі ў брамы магнатаў.

3 Я загадаў пасьвячоным Маім, у гневе Маім паклікаў волатаў Маіх, якія цешацца велічнасьцю Маёй.

4 Голас мноства ў гарах, быццам народу шматлікага, голас гоману валадарстваў, народаў, якія сабраліся [разам]. ГОСПАД Магуцьцяў аглядае войскі для вайны.

5 Прыходзяць з зямлі далёкай, з канцоў неба ГОСПАД і прылады гневу Ягонага, каб спустошыць усю зямлю.

6 Галасіце, бо блізкі дзень ГОСПАДА, ён прыходзіць як спусташэньне ад Усемагутнага.

7 Дзеля гэтага ўсе рукі слабеюць і ўсе сэрцы людзей млеюць.

8 І яны трымцяць. Боль і мучэньні ахапілі іх, яны качаюцца [ад болю], як тая, што нараджае, і адзін на другога глядзяць аслупянела, палымнеюць абліччы іхнія.

9 Вось, дзень ГОСПАДА надыходзіць, бязьлітасны, [поўны] абурэньня і полымя гневу, каб зямлю зрабіць пустэчаю і грэшнікаў ейных выгубіць з яе.

10 Бо зоркі нябесныя і сузор’і іхнія ня будуць сьвяціць сьвятлом сваім, сонца зацемрыцца пры ўзыходзе сваім і месяц ня будзе зьзяць сьвятлом сваім.

11 І Я пакараю ў сусьвеце зло, і бязбожнікаў — за беззаконьне іхняе, і спыню пыху ганарлівых, і прыніжу фанабэрыю крыўдзіцеляў.

12 І Я зраблю мужа каштоўнейшым, чым золата найчысьцейшае, і чалавека — [каштоўнейшым,] чым золата з Афіру.

13 Дзеля гэтага Я ўзварухну неба, і зямля захістаецца на месцы сваім ад абурэньня ГОСПАДА Магуцьцяў, у дзень, калі запалае гнеў Ягоны.

14 І станецца, што кожны як сарна, якая ўцякае, і як авечка, якой няма каму пась­віць, вернецца да народу свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.

15 Кожны, хто будзе знойдзены, будзе прабіты [дзідай], і кожны, хто будзе схоплены, упадзе ад мяча.

16 І дзеці іхнія будуць пасечаныя на вачах іхніх, дамы іхнія будуць абрабаваныя, а жонкі іхнія — зьняслаўленыя.

17 Вось, Я ўзьніму супраць іх Мідзянаў, якія ня думаюць пра срэбра і ня маюць упадабаньня ў золаце.

18 І будуць забіваць юнакоў лукі [іхнія], і яны ня будуць мець літасьці да плоду ўлоньня і ня будзе шкадаваць сыноў вока іхняе.

19 І станецца, што Бабілон, краса валадарстваў, аздоба гонару Халдэйцаў, будзе зруйнаваны Богам як Садом і Гамора.

20 Ня будзе ён абжыты на вякі, і ня будзе заселены з пакаленьня ў пакаленьне, і не паставіць там Араб намёт, пастухі ня будуць адпачываць там.

21 І будуць там вылежвацца зьвяры пустыні, і совы напоўняць дамы іхнія, і будуць жыць там страусы, і казлы будуць скакаць там.

22 І будуць скавытаць шакалы ў хорамах іхніх, і цмокі — у палацах раскошных.