Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 ЦАРСТВАЎ 6 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
1 ЦАРСТВАЎ 6

1 Сам 6

1 І быў Каўчэг ГОСПАДА ў зямлі Філістынскай сем месяцаў.

2 І паклікалі Філістынцы сьвятароў і варажбітоў, і спыталіся: «Што маем зрабіць з Каўчэгам ГОСПАДА? Парайце нам, як маем адаслаць яго на месца ягонае».

3 Яны сказалі: «Калі будзеце адсылаць Каўчэг Бога Ізраіля, не адсылайце яго пустым, але тое, што належыцца, аддайце за грэх, і тады паздаравееце. І даведаецеся, чаму не адступае рука Ягоная ад вас».

4 Яны спыталіся: «Чым і як маем Яму за грэх аднагародзіцца?» Яны адказалі: «Паводле ліку валадароў Філістынскіх зрабіце пяць болек залатых і пяць мышэй залатых, бо пляга тая самая дакранулася ўсіх вас і валадароў вашых.

5 Зрабіце выявы болек і выявы мышэй, якія нішчаць зямлю, і аддайце славу Богу Ізраіля, каб Ён адхіліў руку Сваю ад вас, ад багоў вашых і ад зямлі вашай.

6 Чаму вы робіце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як Эгіпет і фараон зрабілі цьвёрдым сэрца сваё, бо яны не дазволілі ім адыйсьці, калі [Бог] караў іх.

7 І цяпер падрыхтуйце новы воз і дзьве дойныя каровы, на якіх не было ярма, і запражыце кароваў у вазы, а цялятаў іхніх адвядзіце дамоў.

8 І вазьміце Каўчэг ГОСПАДА, і пастаўце яго на воз, а выявы залатыя, якія маеце аддаць Яму за грэх, палажыце ў скрынку збоку яго. І так пусьціце яго ў дарогу.

9 І глядзіце, калі ён накіруецца дарогай да межаў сваіх да Бэт-Шэмэшу, ведайце, што гэта [Бог] навёў на вас гэтае вялікае няшчасьце; а калі не, будзем ведаць, што не рука Ягоная да нас дакранулася, але гэта было выпадкова».

10 І зрабілі людзі такім чынам. І ўзялі дзьве дойныя каровы, і запрэглі іх у воз, а цялятаў іхніх затрымалі ў хляве.

11 І паставілі Каўчэг ГОСПАДА на воз, і скрынку з залатымі мышамі і выявамі болек.

12 І каровы пайшлі простаю дарогаю ў накірунку Бэт-Шэмэшу, і ідучы па гэтым шляху, не зыходзілі ані ўправа, ані ўлева. А валадары Філістынскія ішлі за імі аж да межаў Бэт-Шэмэшу.

13 А ў Бэт-Шэмэшы на раўніне жалі пшаніцу. І падняўшы вочы, убачылі [жняцы] Каўчэг, і ўсьцешыліся, убачыўшы яго.

14 А воз узьехаў на поле Егошуа з Бэт-Шэмэшу і затрымаўся там. І ляжаў там камень вялікі. І яны пасеклі воз на дровы, а кароваў склалі ў ахвяру цэласпаленьня для ГОСПАДА.

15 І лявіты зьнялі Каўчэг Божы і скрынку, якая ляжала побач яго, у якой знаходзіліся выявы залатыя, і палажылі іх на вялікім камяні. І склалі ў той дзень людзі Бэт-Шэмэшу ГОСПАДУ ахвяры цэласпаленьня і ахвяры крывавыя.

16 І пяць валадароў Філістынскіх бачылі гэта, і вярнуліся ў Экрон у той самы дзень.

17 Вось болькі залатыя, складзеныя Філістынцамі ГОСПАДУ за грэх: адзін — за Ашдод, адзін — за Газу, адзін — за Ашкелён, адзін — за Гат і адзін — за Экрон.

18 А залатыя мышы былі паводле лічбы гарадоў Філістынскіх пяці валадароў іхніх, ад умацаванага гораду да пасяленьня, якое без муроў. Камень жа той вялікі, на якім паставілі Каўчэг ГОСПАДА на полі Егошуа з Бэт-Шэмэшу, ёсьць сьведкам гэтаму аж па сёньняшні дзень.

19 І ўдарыў ГОСПАД людзей Бэт-Шэмэшу, якія заглядалі ў Каўчэг ГОСПАДА, і выбіў з народу з пяцідзесяці тысячаў семдзясят чалавек. І народ быў у жалобе, бо ГОСПАД ударыў народ так страшнай карай.

20 І сказалі людзі Бэт-Шэмэшу: «Хто можа стаць перад ГОСПАДАМ, гэтым Сьвятым Богам? Да каго Ён пяройдзе ад нас?»

21 І паслалі яны пасланцоў да жыхароў Кірыят-Ярыму, кажучы: «Вярнулі Філістынцы Каўчэг ГОСПАДА. Прыходзьце і забярыце яго да сябе».