Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 ЛЕТАПІСАЎ 15 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
1 ЛЕТАПІСАЎ 15

1 Лет 15

1 І пабудаваў [Давід] сабе дамы ў горадзе Давіда, і падрыхтаваў месца для Каўчэгу Божага, і расьцягнуў для яго намёт.

2 Тады сказаў Давід: «Ніхто ня мае насіць Каўчэг Божы, акрамя лявітаў, бо іх выбраў ГОСПАД на тое, каб насіць Каўчэг Божы і служыць пры ім на вякі».

3 І сабраў Давід усяго Ізраіля ў Ерусалім, каб прынесьці Каўчэг ГОСПАДА на месца ягонае, якое ён прыгатаваў для яго.

4 І сабраў Давід сыноў Аарона і лявітаў.

5 З сыноў Кегата: Урыэля, начальніка, і братоў ягоных — сто дваццаць;

6 з сыноў Мэрары: Асію, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце дваццаць;

7 з сыноў Гершома: Ёэля, начальніка, і братоў ягоных — сто трыццаць;

8 з сыноў Эліцафана: Шэмаю, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце;

9 з сыноў Хеўрона: Эліэля, начальніка, і братоў ягоных — восемдзясят;

10 з сыноў Узіэля: Амінадава, начальніка, і братоў ягоных — сто дванаццаць.

11 І паклікаў Давід Цадока і Абіятара, сьвятароў, і лявітаў Урыэля, Асаю, Ёэля, Шэмаю, Эліэля і Амінадава,

12 і сказаў ім: «Вы — галовы [дамоў] бацькоў у лявітаў. Асьвяціцеся вы і браты вашыя і перанясіце Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля, на месца, якое я прыгатаваў для яго.

13 Бо першы раз ня вы гэта рабілі, і ГОСПАД, Бог наш, ударыў нас, бо мы не шукалі Яго як мае быць».

14 І асьвяціліся сьвятары і лявіты, каб перанесьці Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля.

15 І несьлі сыны лявітаў Каўчэг Божы, як загадаў Майсей паводле слова ГОСПАДА, на рамёнах сваіх, на насілах.

16 І сказаў Давід начальнікам лявітаў, каб паставілі братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструмэнтамі, з псалтырамі, гусьлямі, цымбаламі, каб гралі, падымаючы голас з радасьцю.

17 І паставілі лявіты Гэмана, сына Ёэля, і з братоў ягоных Асафа, сына Бэрэхіі, а з сыноў Мэрары, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі,

18 і з імі братоў іхніх другога шэрагу: Захарыю, Бэна, Яазіэля, Шэмірамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Бэнаю, Маасэю, Матытыю, Элефэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля, прыдзьвернікаў.

19 І сьпевакоў: Гэмана, Асафа і Этана — з цымбаламі мядзянымі, каб чулі;

20 а Захарыю, Азіэля, Шэмі­рамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Маасэю, Бэнаю — з псалтырамі;

21 а Матытыю, Эліфэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля і Азазію — з гусьлямі на актаву для пачынаньня.

22 А Хэнанію, начальніка лявітаў у сьпеве, — каб кіраваў сьпяваньнем, бо ён быў здольны [ў гэтым].

23 А Бэрэхія і Элькана былі вартаўнікамі пры Каўчэгу.

24 А Шэванія, Язафат, Нэтанэль, Амасай, Захарыя, Бэная і Эліэзэр, сьвятары, трубілі ў трубы перад Каўчэгам Божым. Абэд-Эдом і Ехія былі вартаўнікамі пры Каўчэгу.

25 І сталася, што Давід і старшыні Ізраіля, і тысячнікі вырушылі, каб вынесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з дому Абэд-Эдома з радасьцю.

26 І сталася, што Бог дапамог лявітам, якія несьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і склалі ў ахвяру сем бычкоў і сем бараноў.

27 І Давід быў апрануты ў плашч з вісону, [таксама] і ўсе лявіты, якія несьлі Каўчэг і сьпявалі, і Хэнанія, начальнік сьпяваньня сьпевакоў. І на Давідзе быў эфод ільняны.

28 І ўвесь Ізраіль узьняў Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гуканьнем і з гукам рагоў, і з трубамі, і з цымбаламі, граючы на псалтырах і гусьлях.

29 І сталася, калі Каўчэг Запавету ГОСПАДА ўваходзіў у горад Давіда, Міхаль, дачка Саўла, глядзела ў вакно, і ўбачыла валадара Давіда, які скакаў і танчыў, і пагардзіла ім у сэрцы сваім.