1 І напісаў малітву Табіэль у радасці гэтымі словамі: 2 «Дабраславёны Бог спрадвечны і Яго валадарства, бо Ён карае і шкадуе, зводзіць аж у цемру пад зямлю і выводзіць ад гібелі моцаю Сваёй, ды няма нікога, хто б ухіліўся ад рукі Яго. 3 Сыны Ізраэля, слаўце Яго на віду народаў, бо Ён вас рассеяў паміж іх 4 і там аб’яўляе Сваю веліч. Дык узвышайце Яго радасна перад усім жывым, бо Ён Госпад наш, і Ён Айцец наш, і Ён Бог наш ва ўсе вякі. 5 Пакарае Ён вас за правіннасці вашы, і пашкадуе ўсіх вас ды сабярэ вас паміж усіх народаў, дзе толькі вы будзеце рассеяны. 6 Калі навернецеся да Яго ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашай, каб рабіць перад Ім папраўдзе, тады Ён павернецца да вас і ніколі ўжо не схавае аблічча Свайго ад вас. Ды зараз паглядзіце, што Ён зрабіў вам, і дзякуйце Яму ўсімі вуснамі сваімі. Дабраслаўляйце Госпада справядлівага і ўзвышайце Валадара спрадвечнага. У зямлі няволі маёй слаўлю я Яго і выяўляю моц і веліч Яго народу грэшнаму. Навярніцеся, грэшнікі, і рабіце справядліва перад Ім. Хто ведае, можа, захоча аказаць вам міласэрнасць? 7 Я і душа мая выяўляем радасць Валадару неба, і душа мая будзе радавацца праз усе дні жыцця свайго. 8 Дабраслаўляйце Госпада, усе выбраннікі; і ўсе праслаўляйце веліч Яго. Жывіце дні ў радасці і дзякуйце Яму. 9 Ерузалім – святы горад, будзе караць цябе за ўчынкі рук тваіх. 10 Слаў Госпада добраю дзейнасцю і дабраславі Валадара вечнага; каб зноў пабудавана была Твая палатка ў Цябе з радасцю ды каб вярнуў Ты радасць усім зняволеным і ўзлюбіў у Цябе ўсіх няшчасных ва ўсе векі вечныя. 11 Святло яркае будзе выпраменьвацца на ўсе канцы зямлі; многія народы прыйдуць да цябе здалёку і жыхары з самых далёкіх краёў зямлі да святога імя Твайго, несучы дары свае ў руках сваіх Валадару неба. З пакалення ў пакаленне будуць хваліць Цябе радасна, а імя «выбранніцы» пяройдзе ў векі вечныя. 12 Праклятыя ўсе, хто гаворыць благое слова. Праклятыя будуць усе, хто нішчыць цябе і бурыць муры твае, дый усе, хто разбурае вежы твае і паліць памяшканні твае. І дабраславёныя будуць усе, хто баіцца Цябе, навек. 13 Дык вось, радуйся і цешся з сыноў справядлівых, бо ўсе сабяруцца і будуць дабраслаўляць Госпада вечна. 14 Шчасныя, хто любіць Цябе, шчасныя тыя, што будуць цешыцца ў супакоі Тваім. Ды шчасныя ўсе людзі, якія будуць сумаваць дзеля ўсіх пакаранняў Тваіх, бо будуць яны цешыцца ў Цябе, ды будуць радавацца ўсёю радасцю Тваёй вечна. 15 Дабраславі, душа мая, Госпада, Валадара вялікага, 16 бо ў Ерузаліме горадзе будзе адбудаваны дом Яго ў векі вечныя. Шчасны буду, калі рэшткі роду майго ўбачаць хвалу Тваю, ды славіць будуць Валадара неба. Брамы Ерузаліма будуць адбудаваны з сапфіру і смарагду, і з каштоўнага каменю – усе муры твае; і вежы Ерузаліма будуць адбудаваны з золата, і валы яго – з чыстага золата. 17 Плошчы Ерузаліма высланы будуць карбункулам і каменем з Афіра; 18 і брамы Ерузаліма будуць гудзець песнямі радасці, і ўсе яго вуліцы загамоняць: Алілуя! Дабраславёны Бог Ізраэля і дабраславёны тыя, што будуць дабраслаўляць імя святое і цяпер і вечна». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)