1 У тыя дні Эзэкія захварэў смяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Упарадкуй дом свой, бо памрэш і не будзеш жыць”». 2 Ён адвярнуў свой твар да сцяны і маліўся да Госпада, кажучы: 3 «О Госпадзе! Узгадай, як я хадзіў перад Табою верна і са шчырым сэрцам, і рабіў тое, што міла Табе». І заплакаў Эзэкія ўголас. 4 І перад тым як Ісая дайшоў да сярэдзіны пакоя, прамовіў да яго Госпад, кажучы: 5 «Вярніся і скажы Эзэкіі, валадару народа Майго: “Гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Пачуў Я малітву тваю, убачыў слёзы твае, і, вось, Я аздараўлю цябе, і на трэці дзень ты пойдзеш у святыню Госпада. 6 І Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў; і вызвалю з рукі цара асірыйцаў цябе і горад гэты, і вазьму пад апеку горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, паслугача Майго”». 7 І сказаў Ісая: «Вазьміце кавалак фігавы». Калі ўзялі яго, і паклалі на яго нарыў, ён ачуняў. 8 І сказаў Эзэкія Ісаі: «Што за знак будзе, што Госпад аздаровіць мяне і што на трэці дзень я пайду ў святыню Госпада?» 9 Ісая сказаў яму: «Такі будзе табе знак ад Госпада, што Госпад споўніць слова, якое Ён сказаў: жадаеш, каб цень прайшоў наперад на дзесяць ступеней ці каб ён адступіўся на дзесяць ступеней?» 10 І Эзэкія сказаў: «Лёгка для ценю прайсці наперад на дзесяць ступеней, і не хачу, каб здарылася гэтак, але хай цень вернецца назад на дзесяць ступеней!» 11 І прызваў прарок Ісая Госпада, і Ён перасунуў цень на ступенях, па якіх ужо спускаўся Ахаз, назад на дзесяць ступеней. 12 У той час Мерадахбаладан, сын Баладана, цар Бабілона, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі; бо даведаўся, што ён захварэў. 13 І цешыўся Эзэкія з-за іх прыбыцця, і паказаў ім увесь скарб скарбоўніцы сваёй: срэбра і золата, вострыя духмяныя прыправы і найлепшы алей, і ўсю колькасць посуду свайго, і ўсё, што знаходзілася ў яго скарбоўніцах; не засталося ніводнай рэчы, якой бы Эзэкія не паказаў ім у палацы сваім і ва ўсёй маёмасці сваёй. 14 І прыйшоў да цара Эзэкіі прарок Ісая і сказаў яму: «Што казалі тыя людзі і адкуль прыбылі яны да цябе?» Эзэкія сказаў яму: «З далёкай зямлі прыбылі яны, з Бабілона». 15 А той спытаўся: «Што бачылі яны ў доме тваім?» Эзэкія адказаў: «Усё, што ёсць у доме маім, бачылі яны; не было ніводнай рэчы, якой бы я не паказаў ім з каштоўнасцей сваіх». 16 Тады Ісая сказаў Эзэкіі: «Паслухай слова Госпада: 17 “Вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ў палацы тваім і што сабралі бацькі твае аж да гэтага дня, забяруць у Бабілон; не застанецца нічога, — кажа Госпад. — 18 Таксама і дзяцей тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і стануць яны еўнухамі ў палацы цара Бабілона”». 19 Сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова Госпада, якое ты сказаў». І падумаў: «Будзе супакой і бяспека, прынамсі, у мае дні». 20 А іншыя дзеянні Эзэкіі, і ўся мужнасць яго, і як ён выкапаў студню і канал, і ўвёў воды ў горад, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі? 21 І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пасля яго цараваў Манаса, сын яго. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)