1 Таксама цар Тыра Гірам паслаў веснікаў да Давіда з кедравым дрэвам, і мулярамі, і сталярамі, каб пабудавалі яму дом. 2 І Давід пераканаўся, што Госпад зацвердзіў яго царом Ізраэля і што высока паднялося яго царства дзеля народа яго Ізраэля. 3 Таксама ў Ерузаліме Давід узяў сабе яшчэ жонак ды меў яшчэ сыноў і дачок; 4 і гэта імёны дзяцей, што меў у Ерузаліме: Самуа, і Сабаб, і Натан, і Саламон, 5 Ебагар, і Элішуа, і Эліпалет, 6 Нога, а таксама Напэг, і Яфія, 7 Элісама, і Бээліяда, і Эліпалет. 8 А філістынцы, чуючы, што Давід быў пасвячоны на цара над усім Ізраэлем, пайшлі ўсе, каб схапіць яго; калі даведаўся пра гэта Давід, ён пайшоў насустрач ім. 9 Затым філістынцы прыбылі і рассыпаліся па лагчыне Рэфаім. 10 І параіўся Давід з Богам, пытаючыся: «Калі пайду супраць філістынцаў, ці аддасі іх у мае рукі?» І сказаў яму Госпад: «Ідзі, і аддам Я іх у твае рукі». 11 І калі накіраваліся яны ў Баал-Парацым, і пабіў іх там Давід, дый казаў: «Разбіў Бог ворагаў маіх рукою маёй, як разбіваюцца воды». І таму тое месца названа было Баал-Парацым. 12 І пакінулі там філістынцы багоў сваіх, якіх Давід загадаў спаліць. 13 У наступны раз філістынцы таксама нахлынулі і рассыпаліся па лагчыне; 14 і зноў Давід раіўся з Богам ды Бог сказаў яму: «Не наступай на іх; абкружы іх з боку дрэў тутавых; і тады нападзеш на іх. 15 І калі пачуеш стукат крокаў у верхавінах дрэў тутавых, тады выступай у бой: бо рушыць Бог перад табой, каб разбіць войска філістынцаў». 16 Давід паступіў так, як Бог яму загадаў, і паразіў войска філістынцаў ад Габаона аж да Газэра. 17 І слава Давіда разышлася па ўсіх краінах, і Госпад нагнаў страх на ўсе народы. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)