1 Псальм. Песня на ўрачыстасць пасвячэння святыні. Давідаў. 2 Буду ўзвялічваць Цябе, Госпадзе, бо Ты выцягнуў мяне і не даў ворагам маім пацяшацца з мяне. 3 Госпадзе, Божа мой, я ўсклікаў да Цябе, і Ты аздаравіў мяне. 4 Госпадзе, Ты вывеў з пекла душу маю, ажывіў мяне, каб не сышоў я ў магілу. 5 Спявайце псальмы Госпаду, святыя Яго, і падзяку складайце на ўспамін святасці Яго, 6 бо гнеў Яго — на імгненне, і жыццё — у зычлівасці Яго. Увечары трывае плач, а на золаку — радасць. 7 А я сказаў у бестурботнасці маёй: «Не пахіснуся навек». 8 Госпадзе, у зычлівасці Тваёй Ты аздобіў цнотай мяне, Ты схаваў аблічча Тваё, і я ўстрывожыўся. 9 Да Цябе я, Госпадзе, клікаў і да Бога майго звяртаўся. 10 Што за карысць з крыві маёй ды ад сыходу майго ў парахненне? Ці ж пыл будзе вызнаваць Цябе, ці ж будзе праўду Тваю абвяшчаць? 11 Пачуў Госпад і злітаваўся нада мною, Госпад стаўся памочнікам маім. 12 Ты замяніў нараканне маё ў скокі, парваў зрэб’е маё і радасцю падперазаў мяне, 13 каб спявала Табе хвала мая і не маўчала. Госпадзе, Божа мой, вечна буду праслаўляць Цябе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)