Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЛІКІ 31 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЛІКІ 31

1 І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:

2 «Адпомсці за сыноў Ізраэля мадыянцам, а потым далучыся да народа свайго».

3 І зараз жа загадаў Майсей: «Узбройце з асяроддзя свайго мужчын да бою, каб яны маглі выканаць помсту Госпада над мадыянцамі.

4 Выберыце па тысячы мужчын з кожнага пакалення Ізраэля і пашліце іх на вайну».

5 І выдзелена было па тысячы з кожнага пакалення, гэта значыць дванаццаць тысяч здатных да бою,

6 якіх адправіў Майсей з Пінхасам, сынам Элеязэра святара. Даў яму таксама пасудзіны святыя і трубы, каб у трывозе трубіць.

7 І калі па загадзе Госпада ваявалі яны з мадыянцамі, забілі яны ўсіх мужчын

8 і цароў іх: Эвія, Рэкема, Сура, Гура, Рэбу, пяць цароў гэтага народа, а таксама Балаама, сына Бэора, забілі мечам;

9 і ўзялі яны ў палон жанчын іх і дзяцей. І, як здабычу, узялі ўсю жывёлу іх і ўсю маёмасць;

10 а гарады, пасяленні і лагеры іх спалілі агнём;

11 і забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу,

12 і прывялі яны палонных, здабычу і нарабаванае да Майсея і Элеязэра святара і да ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў лагер на раўнінах Мааба, над Ярданам, супраць Ерыхона.

13 Майсей, святар Элеязэр і ўсе князі супольнасці выйшлі з лагера насустрач ім.

14 І, загневаўшыся на кіраўнікоў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны, Майсей

15 казаў ім: «Чаму вы захавалі ўсіх жанчын?

16 Ці ж не яны за намовай Балаама псавалі сыноў Ізраэля і нявернымі зрабілі вас перад Госпадам праз Пэгора? Таму і знішчаны быў народ Госпадаў.

17 Дык забіце ўсіх дзяцей мужчынскага полу ды ўсіх жанчын, якія жылі з мужчынамі, знішчыце,

18 дзяўчат жа і ўсіх жанчын, што не жылі з мужчынамі, пакіньце сабе.

19 І вы будзьце па-за лагерам сем дзён; хто забіў чалавека або дакрануўся да забітага, мусіць ачысціцца трэцяга і сёмага дня, як вы, так і вашы палонныя.

20 І ачысціце ўсю здабычу вашу: або адзенне, або штосьці, падрыхтаванае да ўжывання, з казіных шкур і з поўсці, і з драўляных рэчаў».

21 Таксама сказаў наступнае Элеязэр святар ваярам, якія былі на вайне: «Такое прыказанне закону, што загадаў Госпад Майсею:

22 золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і свінец —

23 усё, што можа прайсці праз агонь, — хай агнём будзе ачышчана; а што не пераносіць агню, хай будзе асвечана вадой ачышчэння.

24 Сёмага дня памыеце адзенне ваша, і, ужо ачышчаныя, увойдзеце ў лагер».

25 Таксама сказаў Госпад Майсею:

26 «Палічыце ўсё, што здабыта, ад чалавека аж да жывёлы, ты і Элеязэр святар, і кіраўнікі родаў;

27 і падзеліш здабычу папалам паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй супольнасцю.

28 І вылучы частку Госпаду ад тых, што ваявалі і былі на вайне, — адно жывое на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак,

29 і дасі гэта Элеязэру святару як ахвяру Госпаду.

30 А з паловы сыноў Ізраэля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго жывога, і дасі гэта левітам, якія служаць пры скініі Госпада».

31 Майсей і святар Элеязэр усё выканалі, як ім загадаў Госпад.

32 А здабыча, якую ваяры здабылі, налічвала шэсцьсот семдзесят пяць тысяч авечак,

33 семдзесят дзве тысячы валоў,

34 шэсцьдзесят адну тысячу аслоў,

35 а людзей жаночага полу, якія яшчэ не жылі з мужчынамі, было разам трыццаць дзве тысячы.

36 Палова дадзена была тым, што былі на вайне: трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак,

37 з якіх Госпаду далі шэсцьсот семдзесят пяць авечак,

38 трыццаць шэсць тысяч валоў, з чаго Госпаду далі семдзесят два,

39 аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, з іх Госпаду далі семдзесят два.

40 І шаснаццаць тысяч дзяўчат, з якіх Госпаду далі трыццаць дзве асобы.

41 Вось жа аддаў Майсей святару Элеязэру дары, прызначаныя ў ахвяру Госпаду, па загадзе, дадзеным Госпадам Майсею.

42 А з паловы для сыноў Ізраэля, якую Майсей аддзяліў ад часткі тых, хто быў на вайне, ад той паловы, што выпадала на долю супольнасці, гэта значыць:

43 трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак,

44 трыццаць шэсць тысяч валоў,

45 трыццаць тысяч пяцьсот аслоў, і з людзей

46 шаснаццаць тысяч дзяўчат — узяў Майсей —

47 адну пяцідзесятую частку з людзей і жывёлы — і аддаў яе левітам, што служаць пры скініі Госпада, як загадаў Госпад.

48 І, калі прыйшлі да Майсея кіраўнікі войска, тысячнікі і сотнікі,

49 яны сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, праверылі лік ваяроў, якіх мы мелі пад сваёй рукой, і высветлілася, што ні адзін не загінуў.

50 Дзеля гэтае прычыны прыносім мы ў ахвяру Госпаду ўсе знойдзеныя вырабы з золата: нажныя ўпрыгожванні і бранзалеты, пярсцёнкі і завушніцы, і каралі для ачышчэння душ нашых перад Госпадам».

51 І ўзялі тады Майсей і святар Элеязэр золата і ўсе каштоўнасці;

52 усяго золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру Госпаду, было шаснаццаць тысяч семсот пяцьдзесят сікляў.

53 А кожны з ваяроў меў яшчэ свой здабытак.

54 І Майсей і святар Элеязэр узятае золата занеслі ў палатку сустрэчы як памятны дар сыноў Ізраэля для Госпада.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)