1 А ў першы дзень сёмага месяца хай будзе ў вас святы сход; у той дзень не рабіце ніякай работы, бо дзень гэты — дзень трубнага гуку. 2 І ўскладзіце ахвяру цэласпалення дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду: аднаго быка са статка, аднаго барана і сем ягнят гадавых без плям, 3 а таксама да іх ахвяру з ежы — пшанічную муку, запраўленую алеем: тры дзесятыя [эфы] на аднаго быка, дзве дзесятыя на барана 4 і адну дзесятую на кожнае ягня; 5 і казла, як ахвяру за грэх, што прыносіцца для ачышчэння вашага, 6 апрача ахвяры цэласпалення ў першы дзень кожнага месяца разам з ахвяраю з ежы і апрача штодзённай ахвяры цэласпалення з ахвяраю з ежы і звычайнымі ўзліваннямі дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду. 7 Таксама ў дзесяты дзень таго сёмага месяца хай адбудзецца ў вас святы сход, і засмуціце душы вашы; нельга рабіць у той дзень ніякай работы. 8 У ахвяру цэласпалення дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду ўскладзіце: аднаго бычка са статка, аднаго барана і сем гадавых ягнят без плям; 9 і ў ахвяру з ежы да іх — пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя [эфы] на быка, дзве дзесятыя на барана, 10 адну дзесятую на кожнае з сямі ягнят 11 і казла ў ахвяру за грэх, апрача таго, што звычайна ахвяроўваюць за злачынствы на ачышчэнне і на штодзённае цэласпаленне разам з ахвярамі з ежы і ўзліваннямі да іх. 12 А ў пятнаццаты дзень сёмага месяца хай адбудзецца святы сход; нельга ў той дзень рабіць ніякай работы, але трэба святкаваць сем дзён свята Госпада 13 і ахвяру цэласпалення складваць дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду: трынаццаць быкоў са статка, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят гадавых без плям; 14 і да іх ахвяру з ежы — пшанічную муку, запраўленую алеем: тры дзесятыя [эфы] на кожнага з трынаццаці быкоў; дзве дзесятыя на кожнага з двух бараноў 15 і па адной дзесятай на кожнае з чатырнаццаці ягнят; 16 і казла ў ахвяру за грэх, апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяр з ежы і іх узлівання. 17 У другі дзень прынясіце ў ахвяру дванаццаць быкоў са статка, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям; 18 і ўрачыста прынясіце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, 19 і казла ў ахвяру за грэх апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. 20 Прынясіце ў ахвяру ў трэці дзень: адзінаццаць быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, 21 урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят адпаведна іх ліку паводле парадку, 22 і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. 23 У чацвёрты дзень прынясіце ў ахвяру дзесяць быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, 24 урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, 25 і казла ў ахвяру за грэх, апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы да яго і ўзлівання. 26 У пяты дзень прынясіце ў ахвяру дзевяць быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, 27 урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, 28 і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. 29 У шосты дзень прынясіце ў ахвяру восем быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, 30 урачыста прыносьце ахвяры з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, 31 і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. 32 У сёмы дзень прынясіце ў ахвяру сем быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, 33 урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку, паводле парадку, 34 і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. 35 У восьмы дзень хай адбудзецца святы сход; не будзеце ніякай работы рабіць у той дзень, 36 складаючы ахвяру цэласпалення дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду: аднаго быка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям, 37 урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, 38 і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, і ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. 39 Гэтыя ахвяры маеце ўскладаць Госпаду ў час вашых святаў, апрача абяцанняў і добраахвотных ахвяр на цэласпаленні, на ахвяры з ежы, на ўзліванні і на ахвяры прымірэння». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)