1 І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: 2 «Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кіі ад кожнага іх пакалення, ад усіх князёў пакаленняў, дванаццаць кіёў, і напішы імя кожнага на яго кіі. 3 А на кіі левітаў напішы імя Аарона, і хай будзе па адным кіі асобна на кожнае пакаленне. 4 І пакладзі іх у палатцы сустрэчы перад каўчэгам сведчання, дзе Я з вамі сустракаюся. 5 Каго з іх Я выберу, хай кій таго закрасуе, і спыню нараканні сыноў Ізраэля, якімі яны наракаюць на вас». 6 І сказаў Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакалення; і было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх. 7 Калі іх паклаў Майсей перад Госпадам у палатцы сустрэчы, 8 на другі дзень, вярнуўшыся, Майсей убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакалення Леві і што выраслі кветкі з набухлых пупышак, якія, закрасаваўшы, ператварыліся ў міндаль. 9 Такім чынам, вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля; і яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій. 10 І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона аднясі назад перад каўчэгам сведчання, каб захаваўся там як знак супраць бунту сыноў Ізраэлевых, і хай спыняць яны нараканні свае на Мяне, каб не загінуць». 11 І Майсей зрабіў, як загадаў Госпад. 12 І сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Вось, мы прапалі, мы паміраем, усе паміраем! 13 Хто толькі прыступіцца да скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)