Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЕРАМІІ 28 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЕРАМІІ 28

1 І сталася ў той год, на пачатку валадарання Сэдэцыі, цара Юдэйскага, на чацвёрты год у пятым месяцы, сказаў мне Хананія, сын Азура, прарок з Габаона, у доме Госпада ў прысутнасці святароў ды ўсяго народа:

2 «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Я зламлю ярмо цара Бабілона.

3 Яшчэ праз два гады Я зраблю так, што вернецца на гэтае месца ўвесь посуд дома Госпада, які забраў Набукаданосар, цар Бабілона, з гэтага месца, вывозячы ў Бабілон.

4 І Ёахіна, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, ды ўсіх перасяленцаў з Юдэі, якія прыйшлі ў Бабілон, Я прывяду на гэта месца, — кажа Госпад, — бо зламлю ярмо цара Бабілона”».

5 І сказаў Ярэмія прарок Хананію прароку ў прысутнасці святароў і ў прысутнасці ўсяго народа, які стаяў у доме Госпада.

6 І сказаў Ярэмія прарок: «Хай станецца! Хай так Госпад зробіць! Хай Госпад здзейсніць твае словы, якія праракаваў ты, каб вярнуліся пасудзіны ў дом Госпада ды ўсе перасяленцы з Бабілона на гэтае месца!

7 Паслухай, аднак, гэтае слова, якое я прамаўляю ў вушы твае ды ў вушы ўсяго народа.

8 Прарокі, якія былі перада мной і перад табой ад пачатку, праракавалі супраць многіх земляў і супраць вялікіх царстваў пра вайну, няшчасце і заразу.

9 Прарок, які прадказвае супакой, толькі калі споўніцца слова яго, будзе прызнаны прарокам праўдзівым, якога сапраўды паслаў Бог, калі споўніцца прадказанне прарочае».

10 І ўзяў Хананія прарок ярмо з шыі Ярэміі прарока і паламаў яго.

11 Ды сказаў Хананія ў прысутнасці ўсяго народа, кажучы: «Гэта кажа Госпад: “Вось так Я зламлю ярмо Набукаданосара, цара Бабілона, з шыі усіх народаў праз два гады”». А Ярэмія прарок адышоў сваёй дарогай.

12 І пасля таго, як паламаў Хананія прарок ярмо на шыі Ярэміі прарока, было слова Госпада да Ярэміі, што казала:

13 «Ідзі і скажы Хананію: гэта кажа Госпад: “Ты паламаў ярмо драўлянае, але зробіш замест яго ярмо жалезнае”.

14 Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Я ўсклаў ярмо жалезнае на шыі ўсіх гэтых народаў, каб служылі Набукаданосару, цару Бабілона, і яны будуць служыць яму; звыш таго, нават звяроў палявых Я аддаў яму”».

15 І сказаў прарок Ярэмія прароку Хананію: «Слухай, Хананія! Госпад не паслаў цябе, а ты дазволіў гэтаму народу цешыцца падманам.

16 Дзеля гэтага кажа Госпад: “Вось жа, Я скіну цябе з аблічча зямлі;

17 памрэш у гэтым годзе, бо абвясціў ты крывадушную здраду Госпаду”». І памёр Хананія прарок у тым годзе, у сёмым месяцы.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)