Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЕРАМІІ 21 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЕРАМІІ 21

1 Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, калі цар Сэдэцыя паслаў да яго Пасура, сына Мэльхіі, і святара Сафонію, сына Маасіі, каб яму сказалі:

2 «Спытай пра нас Госпада, бо Набукаданосар, цар Бабілона, абвясціў нам вайну. Можа, Госпад учыніць нам штосьці паводле ўсіх цудаў Сваіх, ды той адступіць ад нас».

3 І сказаў ім Ярэмія: «Так адкажыце Сэдэцыі:

4 гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Вось, Я адвярну назад зброю, якая ў вашых руках і з якой вы ваюеце супраць цара Бабілонскага і халдэяў, якія аблягаюць вас звонку муроў, і збяру яе ў сярэдзіне гэтага горада.

5 І буду ваяваць Я супраць вас узнятаю рукою і дужым плячом, з гневам, лютаваннем і вялікім абурэннем.

6 І паб’ю жыхароў гэтага горада, людзей і жывёлу; паўміраюць яны ад вялікай пошасці.

7 А потым, — кажа Госпад, — Я выдам Сэдэцыю, цара Юдэйскага, і слуг яго, і народ яго, якія ацалеюць у гэтым горадзе ад заразы, ад меча і ад голаду, у рукі Набукаданосара, цара Бабілонскага, ды ў рукі ворагаў іх, ды ў рукі тых, якія цікуюць на іх душу. І ён заб’е іх вастрыём меча, і не будзе іх шкадаваць, не будзе мець літасці, ні міласэрнасці”.

8 І скажы гэтаму народу: гэта кажа Госпад: “Вось, Я прапаную вам дарогу жыцця і дарогу смерці.

9 Хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і заразы. Хто ж выйдзе, каб аддацца ў няволю халдэям, якія аблягаюць вас, будзе жыць ды будзе яму душа яго замест здабычы.

10 Накіраваў бо Я Сваё аблічча на гэты горад на ліха, а не на дабро, — кажа Госпад. — Будзе ён выдадзены ў рукі цара Бабілонскага, які спаліць яго агнём”.

11 Адносна дома цара Юдэйскага слухайце слова Госпада:

12 “Дом Давіда! Гэта кажа Госпад: “Судзіце справядліва раніцай, вызваляйце прыгнечанага з рукі крыўдзіцеля, каб часам не ўзняўся гнеў Мой, як агонь, ды не разгарэўся так, што не будзе каму загасіць, з прычыны ліхоты ўчынкаў вашых”.

13 “Вось, Я да цябе, жыхарка даліны, скала на раўніне, — кажа Госпад. — Вы гаворыце: “Хто нападзе на нас? І хто ўвойдзе ў дамы нашы?”

14 А Я пакараю вас паводле плёну ўчынкаў вашых, — кажа Госпад, — і запалю агонь у лесе яе, і паглыне ён усё вакол яе».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)