Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЕЗЭКІІЛЯ 8 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЕЗЭКІІЛЯ 8

1 І сталася, што шостага года, пятага дня шостага месяца сядзеў я ў сваім доме, і старэйшыны Юды сядзелі перада мной, і супачыла там на мне рука Госпада Бога,

2 і ўбачыў я: і вось, была там істота, падобная выглядам да чалавека; ад таго, што выглядала падобным на яго сцёгны, унізе быў агонь, і ўгару ад таго, што выглядала падобным на сцёгны, было штосьці, што нагадвала бляск злітка золата са срэбрам.

3 Выцягнуў Ён штосьці, быццам руку, і схапіў мяне за валасы на галаве маёй; і дух падняў мяне ўгару між зямлёй і небам, і ў Божых бачаннях завёў у Ерузалім у прысенак брамы ўнутранай, размешчанай на паўночным баку, там, дзе знаходзіўся ідал зайздрасці.

4 І вось, была там слава Бога Ізраэля, такая, як у бачанні, што я бачыў на полі;

5 і сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, падымі свае вочы на поўнач!» І падняў я вочы свае на поўнач, і вось, на поўнач ад брамы ахвярніка знаходзіўся ля ўваходу той ідал зайздрасці.

6 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, ці бачыш, што яны робяць, страшныя агіднасці, якія робіць тут дом Ізраэля, каб Мяне змусіць аддаліцца ад Маёй святыні. І калі лепш прыгледзішся, убачыш агіднасці яшчэ горшыя».

7 І завёў мяне да ўваходу ў панадворак, і я прыгледзеўся, і вось, там была адна дзірка ў муры.

8 І сказаў Ён мне: «Сын чалавечы, прабі мур гэты!» І калі я прабіў мур, з’явіўся адзін праход.

9 І Ён сказаў мне: «Увайдзі і паглядзі на тыя найгоршыя агіднасці, якія яны тут робяць!»

10 І я ўвайшоў, і паглядзеў, і вось, усякія выявы звяроў зямных і брыдкіх істот ды ўсе ідалы дому Ізраэля былі намаляваныя ўсюды кругом на сцяне.

11 І семдзесят мужоў пасярод старэйшын дому Ізраэля стаялі між імі, і Язанія, сын Сафана, стаяў; стаялі яны перад малюнкамі, і ў руцэ ў кожнага была свая кадзільніца, і пах ад курэння ўзносіўся да воблакаў.

12 І сказаў Ён мне: «Ці бачыш, сын чалавечы, што робіць патаемна кожны са старэйшын дому Ізраэля ў сваім спальным пакоі? Яны бо кажуць: “Госпад нас не бачыць, Госпад пакінуў нашу зямлю”».

13 І сказаў Ён мне: «Убачыш яшчэ горшыя агіднасці, якія яны робяць».

14 І завёў Ён мяне ў прысенак брамы святыні Госпада, які знаходзіўся на паўночным баку, і вось, сядзелі там жанчыны і плакалі па Тамузе.

15 І сказаў Ён мне: «Ці бачыш, сын чалавечы? Убачыш агіднасці яшчэ горшыя за гэтыя».

16 І завёў Ён мяне на ўнутраны панадворак дома Госпада, і вось, ля ўваходу ў святыню Госпада, між уваходам і ахвярнікам, знаходзілася каля дваццаці пяці мужчын, павернутых спіной да святыні Госпада і тварамі на ўсход, і яны пакланяліся ўсходу сонца.

17 І сказаў Ён мне: «Ці бачыш, сын чалавечы, гэта? Ці не досыць дому Юды чыніць гэтыя агіднасці, якія яны тут робяць? Напаўняюць бо яны зямлю гэтую злачыннасцю і зноў Мяне зневажаюць, і вось, падносяць яны галінку да свайго носа.

18 Такім чынам, і Я буду дзейнічаць у абурэнні: вока Маё не пашкадуе, і не злітуюся, і калі будуць прызываць Мяне з крыкам, Я іх не выслухаю».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)