1 Таксама жэрабем выпала ўласнасць сынам Язэпа ад Ярдана насупраць Ерыхона і воды яго ад усходу; праз пустыню ідзе мяжа ад Ерыхона да гары Бэтэль, 2 і ад Бэтэля мяжа ідзе да Луза і праходзіць праз зямлю арахейцаў, што жывуць у Атароце, 3 і сыходзіць на захадзе да мяжы Ефлата аж да межаў ніжняга Бэтарона і да Газэра; і заканчваюцца яе землі ля Вялікага мора. 4 Такую спадчыну мелі сыны Язэпа: Манаса і Эфраім. 5 Мяжа для сыноў Эфраіма па родах іх была вызначана і ўласнасць іх: на ўсходзе Атарот-Адар аж да верхняга Бэтарона; 6 і межы цягнуцца аж да мора, а ад Махмэтата глядзіць на поўнач, і паварочвае мяжа на ўсход праз Танат-Сэло, і цягнецца ад усходу да Яноэ. 7 З Яноэ сыходзіць да Атарота і Наараты, і праходзіць каля Ерыхона, і выходзіць каля Ярдана. 8 Ад Тафуа ідзе мяжа на захад да ручая Кана і так ёсць у яе выхады да мора: гэта ўласнасць пакалення сыноў Эфраіма па родах іх, 9 і былі ў сыноў Эфраіма паасобныя гарады пасярод уласнасці сыноў Манасы, усе гарады з іх вёскамі. 10 І сыны Эфраіма не забілі хананеяў, якія пражывалі ў Газэры; і хананеі жывуць сярод Эфраіма да гэтага дня і плацяць падатак. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)