Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


1 ПЯТРА 4 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
1 ПЯТРА 4

1 Пт 4

1 Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,

2 каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.

3 Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п'янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;

4 таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;

5 яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.

6 Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.

7 Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.

8 А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;

9 будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;

10 служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.

11 Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.

12 Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,

13 але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.

14 Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.

15 Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;

16 а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.

17 Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?

18 І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?

19 Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.