Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ПСАЛТЫР 117 - Біблія (пераклад В. Сёмухі) Біблія (пераклад В. Сёмухі)
ПСАЛТЫР 117

Пс 117

1 Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

2 Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

3 Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

4 Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

5 З уціску паклікаў я Госпада, і пачуў мяне, і на шырокае месца вывеў мяне Гасподзь.

6 Гасподзь за мяне - не збаюся: што зробіць мне чалавек?

7 Гасподзь мне памочнік: буду глядзець на ворагаў маіх.

8 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на чалавека.

9 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на князёў.

10 Усе народы абступілі мяне, але імем Гасподнім я іх скінуў;

11 Абступілі мяне, атачылі мяне; але імем Гасподнім я іх скінуў.

12 Абселі мяне, як пчолы соты, і пагасьлі, як вагонь у цёрне; імем Гасподнім я іх скінуў.

13 Моцна штурхнулі мяне, каб я ўпаў; але Гасподзь падтрымаў мяне.

14 Гасподзь сіла мая і песьня; Ён зрабіўся выратаваньнем маім.

15 Голас радасьці і выратаваньня ў жытлішчах праведнікаў; правіца Гасподняя творыць сілу!

16 Правіца Гасподняя высока, правіца Гасподняя творыць сілу!

17 Не памру, а жыць буду і абвяшчацьму дзеі Гасподнія.

18 Строга пакараў мяне Гасподзь, але сьмерцю мяне не скараў.

19 Адчынеце мне браму праўды: увайду ў яе, праслаўлю Госпада,

20 вось брама Госпада, праведныя ўвойдуць у яе.

21 Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім.

22 Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла.

23 Гэта - ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах.

24 Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты!

25 О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці!

26 Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга.

27 Бог - Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка.

28 Ты - Бог мой: славіць буду Цябе; Ты - Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем).

29 Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.